Беларуская мытня абвясціла аб змяненнях у рабоце на мяжы з Літвой
- 28.02.2024, 16:19
Праз закрыццё двух пунктаў пропуску.
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі ў сераду, 28 лютага, паведаміў аб сур'ёзных зменах у працы мытных службаў з 1 сакавіка. Яны будуць звязаныя з закрыццём двух пунктаў пропуску на мяжы з Літвой - КПП "Лаварышкес" (з беларускага боку - "Катлоўка") і "Райгардас" (з беларускага боку - "Прывалка").
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй ДМК, Літва пастанавіла ў аднабаковым парадку спыніць перамяшчэнне пешаходаў і ўсіх тыпаў транспартных сродкаў праз названыя пункты пропуску. Мяжу плануюць закрыць роўна а 00:00 гадзін 1 сакавіка 2024 года.
У выніку на беларуска-літоўскай мяжы застануцца толькі два дзейныя пункты пропуску:
• «Меднікі» («Каменны Лог»),
• «Шальчынінкай» («Беняконі»).
Пры гэтым перасекчы мяжу праз гэтыя КПП можна будзе выключна на транспартных сродках: рух пешаходаў і раварыстаў літоўскі бок таксама пастанавіў спыніць.
У сувязі з гэтым Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паабяцаў ужыць наступныя аператыўныя захады:
• павялічыць колькасць супрацоўнікаў мытні ў астатніх адкрытых пунктах пропуску,
• перанакіраваць тэхнічныя сродкі мытнага кантролю з закрытых пунктаў пропуску.
На думку беларускай мытні, гэта дасць магчымасць скараціць час правядзення мытных аперацый у двух астатніх пунктах пропуску.
Нагадаем, пастанову аб закрыцці яшчэ двух кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы з Беларуссю ўрад Літвы прыняў 21 лютага.