BE RU EN

Расея можа пазбавіцца галоўнага пакупніка сваёй нафты

  • 28.02.2024, 16:48

Reuters даведаўся аб наступствах новых санкцый ЗША.

Новыя санкцыі ЗША супраць РФ пагражаюць пастаўкам расейскай нафты ў Індыю, якая з'яўляецца галоўным пакупніком гэтай сыравіны ў Расеі. Гаворка ідзе пра абмежаванні, якія Штаты прымеркавалі да другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, а таксама смерці Аляксея Навальнага.

Санкцыі, сярод іншага, накіраваныя супраць вядучай расейскай танкернай групы «Саўкамфлот», якая мае дачыненне да парушэння коштавай столі G7 на расейскую нафту. Таксама ў чорны спіс патрапілі 14 танкераў, звязаных з «Саўкамфлотам». Як паведамілі тры крыніцы Reuters, гэтыя захады ў выніку могуць сарваць падпісанне дамоў на гадавыя пастаўкі нафты з РФ у Індыю (фінансавы год пачнецца 1 красавіка).

«Індыйскія нафтаперапрацоўчыя заводы занепакоеныя тым, што санкцыі створаць праблемы з прыцягненнем суднаў для перавозкі расейскай нафты і могуць прывесці да росту фрахтавых ставак. Гэта можа звузіць дысконт на нафту, якую набываюць у трэйдараў і расейскіх кампаній», - паведамляе агенцтва.

Індыя рэдка набывала расейскую нафту да 2022 года. Прычынай былі высокія выдаткі на лагістыку. Аднак пасля таго, як заходнія краіны адмовіліся ад нафты з РФ, краіна-агрэсарка пачала прапаноўваць Індыі вялікія зніжкі, якія кампенсавалі залішнія выдаткі на транспартаванне.

Цяпер гэтая сітуацыя можа кардынальна змяніцца. Крыніцы на рынку паведамляюць, што аб'ёмы паставак усё яшчэ наўпрост залежаць ад умоў аплаты і зніжак, прапанаваных Расеяй. Са слоў двух удзельнікаў рынку, «Раснафта» прапанавала Індыі зніжку ў суме $3-3,5 за барэль, што значна менш за цяперашні дысконт $8-9.

«Нафтаперапрацоўшчыкі ўважаюць прапанаваную зніжку невялікай, улічваючы нявызначанасць, выкліканую санкцыямі. Індыйскія дзяржаўныя нафтаперапрацоўчыя заводы не імкнуцца да паставак нафты гатунку «Сокал» у рамках запланаванай тэрміновай угоды праз праблемы з аплатай... Індыя працягне набываць расейскую нафту толькі ў тым выпадку, калі яна будзе прадавацца ніжэй за столь коштаў і транспартавацца на суднах, якія не знаходзяцца пад санкцыямі», – дадалі крыніцы.

Апошнія навіны