«Напісана, што гэта добры кошт»
- 1.03.2024, 15:50
У Менску прадаюць памідоры па 60 рублёў.
Выяўлены памідоры, якія даражэйшыя за амаль усю астатнюю ежу. Іх заўважыла ў краме "Прастор" чытачка "Онлайнера" Крысціна. Выглядае як рэкорд, раней самымі "дарагімі" былі таматы па 45 рублёў за кілаграм.
“Памідоры па 60 рублёў я яшчэ не бачыла. Яшчэ і напісана: „Добрая цана“, — дзеліцца Крысціна.
Таматы спакаваныя ў скрыначкі па 200 грамаў і каштуюць крыху больш за 12 рублёў. Калі пералічыць у кілаграмы, то атрымліваецца 60 рублёў, кошт падбіраецца да якога-небудзь дарагога ласося або 4 кілаграм свініны. Улічым, што гэта таматы чэры на галінцы, частка вагі ў пакаванні, гэта значыць хвосцікі, адразу будуць выкінутыя.
Абодва віды таматаў прыехалі з Расеі. Ацэніце апісанне чэры за 12,04 рубля на сайце вытворцы: «Салодкасць трускалкі і пікантнасць рукалы дапаўняюцца вустрычным тонам і водарам марской хвалі». З больш зразумелага: напісана, што яны асабліва салодкія. Цяпер вы ведаеце, чым упрыгожыць самы дарагі стол на найбліжэйшыя святы.
Што ўвогуле адбываецца з коштамі памідораў?
Са звестак Белстата, у студзені (гэта апошняя даступная статыстыка) таматы падаражэлі на 6,4%, а агуркі патаннелі на 0,35%. Сярэдні кошт таматаў быў 10,78 рубля за кілаграм, агуркоў - 8,61 рубля.
Агулам гэта звычайная для несезона сітуацыя: летась у сярэдзіне сакавіка мы назіралі таматы ад 10 рублёў, зараз самыя танныя ў інтэрнэт-дастаўках - па 8 рублёў на акцыі, без акцый - 9,45 рубля. Іх вязуць з Расеі, Турцыі, Азербайджана.
Чэры звычайна самая дарагая пазіцыя сярод таматаў, але можна знайсці іх па 18 рублёў за кілаграм, зараз гэта звычайна Егіпет ці Марока.