«Пуцін заўсёды стварае крызісы»
- 1.03.2024, 19:40
Прыднястроўе - яшчэ адзін інструмент у яго руках.
Расея выкарыстоўвае Прыднястроўе для тэставання рэакцыі грамадскасці і стварэння новага крызісу, падтрымліваючы напружаную сітуацыю як у рэгіёне, так і на міжнароднай арэне. Аб гэтым FREEДОМ заявіла намесніца кіраўніка ўкраінскага праекта StopFake, прафесар Вікторыя Раманюк.
«Думаю, тут ёсць некалькі прычын, і яны відавочныя. Перш за ўсё, Расея спрабавала гэтую інфармацыю выпрабаваць на розных мэтавых аўдыторыях - паглядзець на рэакцыю. Паглядзець, як будуць рэагаваць жыхары Малдовы, Прыднястроўя. Як бы і спосаб праверыць рэакцыю на Захадзе, - сказала яна.
Таксама мэта, якую можа пераследаваць такім чынам Масква, - стварэнне чарговага крызісу, акцэнтавала экспертка.
«Расея, Пуцін і расейская прапаганда - крыэйтары глабальнага крызісу. Ім усё адно, што казаць. Фактычна, для іх не важна, які будзе вынік, наступствы і якой будзе рэакцыя. Самае галоўнае - ствараць бясконца адчуванне крызісу, адчуванне напружання ў розных рэгіёнах у кантэксце розных тэм», - патлумачыла Раманюк.
З яе слоў, галоўная мэта гэтай інфармацыі - запалохванне, стварэнне ажыятажу і «падтрымліванне ў тонусе» як Малдовы, так і Украіны і заходніх краін.
Акрамя таго, намесніца кіраўніка праекта StopFake адзначыла, што заявы, якія гучаць ад самаабвешчанай «Прыднястроўскай народнай рэспублікі», магчыма, закліканыя адцягнуць увагу ад больш важных пытанняў.
Нагадаем, 28 лютага, у Ціраспалі, так званай сталіцы непрызнанай «Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі» («ПМР»), прайшоў «VII З'езд дэпутатаў усіх узроўняў». «Дэпутаты» прынялі заклік да Расеі з просьбай «абароны ад ціску Малдовы».