Квіткі на аўтобусы з Менска ў Варшаву і Вільню рэзка падаражэлі з сакавіка
- 2.03.2024, 16:11
Праз закрыццё памежных пераходаў.
Білеты на аўтобусы з Менска ў Варшаву і Вільню даражэюць у перавозчыкаў з сакавіка, звяртае ўвагу Office Life.
У кол-цэнтрах кампаній-перавозчыкаў пацвердзілі журналістам, што кошт квіткоў Менск-Варшава і Менск-Вільня з сакавіка павялічыліся, але ў розных перавозчыкаў яны розныя. У сакавіку кошт самага таннага квітка на аўтобус Менск – Вільня складае 80 беларускіх рублёў, самага дарагога – 140 белрублёў.
Раней дабрацца да Вільні аўтобусамі «Мінсктранс» можна было на 25 BYN танней. Цяпер білеты – 125 беларускіх рублёў, гаворыцца ў артыкуле.
Сталі даражэйшымі і білеты на аўтобусы Менск-Варшава. Калі перавозчык «Экалайнс» у канцы лютага прадаваў квіткі за 130 рублёў і нават за 90 рублёў за некалькі дзён да адпраўлення, то паездка ў сакавіку ў яго каштуе ўжо 200 BYN. На аўтобусы «Інтэркарс» білеты каштуюць зараз 130-140 рублёў, калі напрыканцы лютага яны каштавалі 105 рублёў.
У замежных перавозчыкаў цэны яшчэ вышэйшыя: «Менск-Вільня» за 36-41 еўра (амаль 122-139 рублёў у эквіваленце), «Менск-Варшава» з перасадкай за 60 еўра (204 рублі), звяртаюць увагу журналісты.
Прычынай росту тарыфаў перавозчыкі называюць закрыццё Літвой з 1 сакавіка яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. А таксама планы літоўскіх улад скараціць колькасць дазволаў на рэйсы для перавозчыкаў.
Таксама сярод прычын павелічэння тарыфаў называецца і жаданне айчынных перавозчыкаў зраўняць цэны з прапановай замежных перавозчыкаў.