Хрыста Грозеў распавёў, чаму Прыгожын спыніў свой паход на Маскву.
- 2.03.2024, 18:29
Кіраўнік «Вагнера» збіраўся зрынуць Пуціна.
Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын са сваімі 10 тысячамі баевікоў летам 2023 года ішоў на Маскву, каб зрынуць дыктатара Уладзіміра Пуціна. Заява аб тым, што мэтай была толькі адстаўка міністра абароны Сяргея Шайгу, гэта хлусня.
Пра гэта паведаміў вядомы журналіст-расследавальнік, кіраўнік Bellingcat Хрыста Грозеў у інтэрв'ю Міхаілу Зыгару.
На думку Грозева, мяцеж сарваўся праз камбінацыі некалькіх фактаў. Па-першае, Прыгожын сам не верыў, што зможа дайсці да сталіцы РФ. А па-другое, на яго і ягоных людзей вельмі ціснулі расейскія спэцслужбы.
«Што здарылася пасярэдзіне? Хутчэй за ўсё, гэта камбінацыя (фактараў – рэд.). Рэальна стала яму асабіста зразумела, наколькі складанымі будуць апошнія 150 км (да сталіцы РФ – рэд.). Масты былі падрыхтаваны да выбухаў, ён не змог бы праз гэтыя масты даехаць да Масквы. І ёсць намёкі і пагалоскі, што ФСБ узяла ў заложнікі сваякоў, дзяцей верхаводы «Вагнера». Гэта ў іх стылі. Гэта, магчыма, таксама паўплывала на іх рашэнне адмовіцца», – распавёў журналіст.
Ён дагэтуль у замяшанні ад таго факту, што Прыгожын паверыў гарантыям бяспекі ад дыктатара Пуціна і пайшоў з ім на ўгоду.
Са слоў Грозева, Прыгожын у абмен на жыццё перадаў Пуціну і ягонаму найбліжэйшаму атачэнню вельмі «тлустыя» долі ў сваіх афрыканскіх бізнэсах. Магчыма, ён паверыў, што адкупіўся ад дыктатара.
«Ён недаацаніў ірацыянальнасць Пуціна. Пуцін знішчае ўсіх, хто яго пакрыўдзіў. І яму ўсё роўна, наколькі яму гэта невыгадна… Можа, у яго не было іншага выбару, як верыць у такую ілюзію… Яго смерць была прадказальная», – распавёў кіраўнік Bellingcat. Ён таксама падкрэсліў, што ў вышэйшым кіраўніцтве РФ ніхто не сумняваецца ў тым, што менавіта Крэмль ліквідаваў верхавода ПВК «Вагнер». Яго пакаралі смерцю паказальна і не хаваючыся.
«Не было нават спробы схаваць гэта, як раней», – паведаміў Грозеў.