BE RU EN

У ЗША патлумачылі, чаму КНДР спыніла дастаўку зброі ў Расею

  • 3.03.2024, 13:48

Размова ідзе аб спыненні марскіх паставак.

Расея, імаверна, пакуль не дастаўляе паўночнакарэйскую зброю па моры. Пастаўкі такім шляхам спыніліся ў сярэдзіне лютага 2024 года.

Хаця не выключана, што Масква можа транспартаваць вайсковыя грузы з Пхеньяна па паветры ці чыгунцы. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі спаслаліся на публікацыю NK News (амерыканскі сайт навін, на якім публікуюцца артыкулы і аналітычныя матэрыялы аб Паўночнай Карэі. – Рэд.) ад 29 лютага, якая суправаджаецца спадарожнікавымі здымкамі. Паводле паведамлення, расейскія караблі, якія ўдзельнічаюць у марскім транспартаванні боепрыпасаў і ўзбраення з КНДР у Расею, не заходзілі ў паўночнакарэйскі порт Раджын з 12 лютага.

Паводле ін7фармацыі СМІ, са жніўня 2023 года расейскія судны здзейснілі як мінімум 32 рэйсы паміж портам Раджын і расейскімі партамі Дунай і Усходні ў Прыморскім краі. Да прыкладу, грузавое судна Lady R перавезла нявызначаную колькасць транспартных кантэйнераў, якія, магчыма, змяшчаюць паўночнакарэйскія боепрыпасы і зброю, паміж КНДР і РФ з 30 студзеня да 8 лютага. Яшчэ адно судна «Мая-1» прыбыло ў расейскі порт Усходні з Паўночнай Карэі 12 лютага.

NK Pro паведамляе, што на спадарожнікавых здымках не было зафіксавана яшчэ аднаго вялікага грузавога судна на шляху паміж двума прычаламі, ці новых паставак у порт Раджын з 12 лютага. Даследчыкі выказалі здагадку, што паўза можа быць звязаная з вытворчымі праблемамі ў КНДР або іншымі лагістычнымі праблемамі.

Пры гэтым адзначаецца, што Паўночная Карэя таксама можа транспартаваць зброю ў Расею па паветры ці чыгунцы.

Раней ISW паведамляў, што РФ выкарыстоўвае Байкала-Амурскую і Усходне-Сібірскую чыгункі для палягчэння транспартавання грузаў з/у Кітай і Паўночную Карэю. На абедзве гэтыя краіны Расея ўсё больш спадзяецца ў эканамічнай і вайсковай падтрымцы адпаведна для падтрымання сваіх ваенных намаганняў супраць Украіны.

Міністр абароны Паўднёвай Карэі Сін Вон Сік заявіў 26 лютага, што Паўночная Карэя за апошнія месяцы адправіла ў Расею амаль 6700 транспартных кантэйнераў з боепрыпасамі. З яго слоў, гэтыя кантэйнеры могуць змяшчаць больш за тры мільёны 152-мм артылерыйскіх набояў або прыкладна 500 тысяч набояў 122-га калібру.

Апошнія навіны