Кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі скасаваў Вялікі пост на адзін дзень
- 4.03.2024, 12:50
Расказваем чаму.
Беларускім каталікам дазволілі на адзін дзень спыніць Вялікі пост і адсвяткаваць 8 сакавіка. Пастанову прыпыніць пост у гонар свята прыняў кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Іосіф Станеўскі, паведамляе сайт catholic.by.
"У пятніцу, 8 сакавіка, у Міжнародны жаночы дзень, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія дасьць дыспенсацыю (вызваленне) ад абавязку ўстрымлівацца ад ужывання мясных страў", — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца таксама, што магчымасць перапыніць пост на час свята прапісаная ў Кодэксе кананічнага права ў артыкуле № 1251 "Аб днях епітым'і".
“Устрыманне ад мяса ці іншых відаў ежы паводле прадпісанняў канферэнцыі біскупаў варта выконваць ва ўсе пятніцы ўсяго года, акрамя тых, на якія прыпадае тая ці іншая ўрачыстасць”, - сказана ў кодэксе.
Вызваленне ад паста на пятніцу атрымалі вернікі старэйшыя за 14 гадоў. Нагадаем, што Вялікі пост пачаўся ў каталікоў 14 лютага і працягнецца да Вялікадня, які сёлета адзначаць 31 сакавіка.