Набор у менскія ВНУ будзе скарачацца
- 5.03.2024, 16:39
Аб гэтым заявіў міністр адукацыі.
Набор у ВНУ Менска будзе скарачацца, а ў рэгіянальныя і надалей падтрымлівацца. Пра гэта 5 сакавіка на калегіі камітэта адукацыі Менгарвыканкама распавёў міністр адукацыі Андрэй Іванец, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».
Са слоў кіраўніка ведамства, сёлета плануюць істотна павялічыць набор абітурыентаў на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі і не знізіць лічбы набору для прафесійна-тэхнічнай.
- Нягледзячы на так званую даступнасць вышэйшай адукацыі, мы праводзім планамерную працу па ўзмацненні рэгіёнаў. Набор у менскія ВНУ будзе скарачацца. Рэгіянальныя ВНУ - і далей падтрымлівацца. Але гэта не значыць, што сталічныя школьнікі не змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю. Зусім не. Колькасць бюджэтных месцаў будзе павялічвацца. А колькасць платных - памяншацца, - растлумачыў Андрэй Іванец. - Медалісты маюць проста беспрэцэдэнтныя магчымасці - паступленне ў ВНУ без іспытаў, у сталічныя - на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Сёлета мы пашырылі пералік. Раней шмат у чым гэта былі спецыяльнасці непапулярныя ў абітурыентаў.