Праўладны саюз пісьменнікаў Беларусі атрымаў грант ад адміністрацыі Пуціна
- 9.03.2024, 16:37
Сума расейскага гранта не называецца.
Праўладны саюз пісьменнікаў Беларусі атрымаў грант адміністрацыі прэзідэнта РФ на правядзенне ў красавіку літаратурнага фестывалю «Русь і Беларусь адзіныя». Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Менскага гарадскога аддзялення арганізацыі Міхаіл Пазнякоў.
«Летась мы выйгралі грант адміністрацыі прэзідэнта Расейскай Федэрацыі на правядзенне фэсту ў Беларусі і ў Ліпецкай вобласці. Фінансаванне будзе ажыццяўляцца цалкам праз ліпецкую пісьменніцкую арганізацыю», – распавёў Пазнякоў.
Сума расейскага гранта не называецца.
Адзначым, што саюз пісьменнікаў Беларусі (СПБ) аб'ядноўвае лаяльных рэжыму Лукашэнкі пісьменнікаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў.