ЕЗ зняў санкцыі з расейскіх мільярдэраў Фрыдмана і Авэна
- 10.04.2024, 11:47
Пастанову прыняў Суд Еўразвязу.
Суд Еўразвязу пастанавіў зняць персанальныя санкцыі ЕЗ з расейскіх прадпрымальнікаў Міхаіла Фрыдмана і Пятра Авена.
Адпаведная пастанова апублікаваная на сайце судовай інстанцыі.
У дакуменце гаворыцца, што Фрыдман (грамадзянін Расеі і Ізраіля) і Авен (грамадзянін Расеі і Латвіі), будучы асноўнымі акцыянерамі Альфа-груп, былі ўключаныя ў санкцыйныя спісы ЕЗ паводле пастановы Рады ЕЗ. Апошні палічыў іх звязанымі з падсанкцыйнымі асобамі, а таксама з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
Падчас судовага разбору бізнэсоўцы намагалі, што довады, пададзеныя Радай ЕЗ, з'яўляюцца ненадзейнымі і не заслугоўваюць даверу. Суд ЕЗ пагадзіўся з тым, што прычыны для ўключэння бізнэсоўцаў у санкцыйныя спісы былі недастаткова абгрунтаванымі.
Суд палічыў, што "ступень блізкасці" паміж бізнэсоўцамі і Пуціным, а таксама яго асяроддзем "не сведчыць аб тым, што яны падтрымлівалі дзеянні або палітыку, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны". Таксама суд палічыў, што гэта не сведчыць аб тым, што прадпрымальнікі надавалі "матэрыяльную або фінансавую падтрымку асобам, адказным за анэксію Крыма або дэстабілізацыю Украіны".
Фрыдман і Авен патрапілі пад санкцыі ЕЗ адразу пасля ўварвання расейскага войска ва Украіну - у канцы лютага 2022 года. Абмежаванні супраць Авена афіцыйна тлумачыліся тым, што ён “атрымліваў выгаду са сваіх сувязяў ва ўладзе”, а супраць Фрыдмана — тым, што яму “ўдалося наладзіць трывалыя сувязі з адміністрацыяй Уладзіміра Пуціна”.
У рамках санкцый у бізнэсоўцаў былі замарожаныя ўсе актывы ў ЕЗ. Таксама ім забаранілі заязджаць на тэрыторыю краін звязу. Увесну 2022 года бізнэсоўцы падалі пазоў у суд ЕЗ, у якім аспрэчвалі абмежаванні.
У сакавіку гэтага года Еўразвяз выключыў са сваіх санкцыйных спісаў заснавальніка “Яндэкса” Аркадзя Волажы і сына мільярдэра Дзмітрыя Мазепіна — аўтагоншчыка Мікіту Мазепіна. Таксама з-пад санкцый былі выведзены былы віцэ-прэзідэнт АФК "Сістэма" Сяргей Медоянц і прэзідэнт еўрапейскага аддзялення мотаклуба "Начныя ваўкі" Ёзэф Хамблек.
Акрамя таго, санкцыі былі знятыя з памерлых расейцаў: камандзіра ПВК "Вагнер" Дзмітрыя Уткіна, дэпутатаў Дзярждумы Мікалая Барцова і Віктара Зубарава, намесніка міністра абароны Генадзя Жыдко і генерал-лейтэнанта Алега Цокава.
Аднак з санкцыйнага спісу не прыбралі заснавальніка ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына, які загінуў у жніўні мінулага года разам з Уткіным. Гэта тлумачылася тым, што сын бізнэсоўцы стаў бенефіцыярам ягоных актываў, якія па-ранейшаму могуць быць скарыстаныя супраць Украіны.>