Палкоўнік УСУ: На тэрыторыю Украіны заходзяць беларускія ДРГ
- 11.04.2024, 15:58
Іх колькасць - 20-30 чалавек.
Ваенны экспэрт, палкоўнік запасу Узброеных сілаў Украіны Сяргей Грабскі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заклікаў цвяроза ацэньваць небяспеку з боку Лукашэнкі.
— Генэрал Вальдэмар Скшыпчак, былы камандуючы Сухапутнымі войскамі ў Польшчы і былы намесьнік міністра абароны, нядаўна ў інтэрвію «Белсату» заявіў, што польскім узброеным сілам спатрэбіцца 2-3 гадзіны, каб зьнішчыць беларускае войска, а беларускае ўзбраеньне назваў «кучай мэталалому».
Пасьля нападу на Ўкраіну ў лютым 2022-га «Пуцін забраў у арміі Беларусі пэўную колькасьць гэтых танкаў і баявых машын пяхоты, а затым пазбавіў беларускую армію магчымасьці праводзіць якія заўгодна вайсковыя апэрацыі», — лічыць генэрал. Ці ва Ўкраіне настолькі ж скептычна ацэньваюць патэнцыял беларускага войска, альбо ваенныя экспэрты глядзяць на гэта па-іншаму?
— Тое, што сказаў Скшыпчак — гэта ягоная асабістая думка. Я паспрабую ацаніць гэта аб’ектыўна. І для гэтага бярэм адкрытыя крыніцы, напрыклад Global power index, які сьцьвярджае, што на сёньня беларускае войска мае 63 тысячы чалавек асабовага складу. Зь іх рэальна баяздольнымі зьяўляюцца каля 30% — тыя, якія могуць быць выкарыстаныя ў баявых дзеяньнях.
Гэта каля 20 тысяч чалавек, якія могуць зьяўляцца сур’ёзнай пагрозай. Калі я кажу пра пагрозу, то ацэньваю ня толькі колькасьць, але і тыя трэнінгі, якія праводзяцца. Ад красавіка 2022 году беларускае войска бесьперапынна праводзіць захады ў баявой падрыхтоўцы, трэнуецца, удасканальвае баявую падрыхтоўку. Таму ставіцца да праціўніка з пагардай нельга, досьвед вайны паказвае, што ня варта гэтага рабіць.
Мы разумеем, што беларуская армія самастойна ніколі не пачне баявых дзеяньняў — яна можа дзейнічаць толькі разам з расейскай арміяй. І, паводле тых самых адкрытых крыніц, можна гаварыць пра 145 тысяч рэзэрвістаў і яшчэ пра 55 тысяч тэрытарыяльных войскаў. Можна па-рознаму ставіцца да таго, што яны ўмеюць, але яны ёсьць, яны маюць узбраеньні і арганізаваную структуру.
Вядома, можна казаць, што беларускаму войску не хапае танкаў, артылерыі, тэхнікі, але давайце зноў зьвернемся да аб’ектыўных лічбаў. Тыя ж адкрытыя крыніцы кажуць, што Беларусь можа выставіць каля 300 танкаў.
— Гэта дадзеныя ўжо пасьля таго, як Беларусь пасьля пачатку вайны перадала значную частку сваёй тэхнікі Расеі?
— Гэта дадзеныя на 2024 год. І яны сьведчаць, што ўсяго на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца 517 танкаў, зь іх 336 гатовыя да баявых дзеяньняў.
Давайце будзем шчырымі. Беларуская армія ва Ўкраіне ўспрымаецца як беларускі корпус расейскай арміі. Чым яна адрозьніваецца ад расейскай? Хіба нейкімі элемэнтамі формы адзеньня. Беларускі корпус расейскай арміі ня будзе праводзіць самастойных апэрацый, але ён будзе кампанэнтам вайсковай структуры расейскай арміі.
— Гаворачы пра беларускую армію, вы ўжылі слова «праціўнік». Аднак адносіны афіцыйных Кіева і Менска ўсё ж не такія, як у Кіева з Масквой. Напрыклад, Украіна актыўна спрабуе нанесьці шкоду расейскім нафтаперапрацоўчым заводам, абстрэльвае тэрыторыю Расеі, але не чапае НПЗ у беларускім Мазыры. Безумоўна, гэта выклікана палітычнымі меркаваньнямі. Аднак ці можа гэта сытуацыя зьмяніцца?
— Можа. Калі Ўкраіна зразумее, зыходзячы з эканамічных разьлікаў, як шмат беларускага паліва зь беларускіх НПЗ выкарыстоўваецца расейскай арміяй, чаму б не нанесьці ўдар? З тэрыторыі Беларусі наносіліся ўдары па ўкраінскай тэрыторыі. Беларусь як дзяржава аказвала ўсялякую падтрымку расейскім акупантам, якія атакавалі Ўкраіну.
Украіна ня мае ніякага жаданьня атакаваць Беларусь. Але мы назіраем на нашай мяжы зь Беларусьсю ратацыю вайсковых злучэньняў, якія не займаюцца аховай межаў.
Мы назіраем разгортваньне комплексаў супрацьпаветранай абароны Расеі на тэрыторыі Беларусі. Натуральна, што яны забясьпечваюцца беларускім пэрсаналам. Тое, што з тэрыторыі Беларусі ў гэты момант не гучаць стрэлы, гэта ніяк не азначае, што беларускі корпус расейскай арміі не зьяўляецца пагрозай для бясьпекі Ўкраіны.
— Апошнія тыдні абвастрыліся размовы пра імавернасьць «вялікай вайны» ў нашым рэгіёне, пра тое, што Расея паспрабуе атакаваць краіны NATO, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Як вы ацэньваеце такую пэрспэктыву — і зараз, і ў стратэгічным сэнсе?
— На сёньня на франтах расейска-ўкраінскай вайны задзейнічана каля паўмільёна расейскіх салдатаў і афіцэраў, фактычна каля 90 працэнтаў сухапутных войскаў Расейскай Фэдэрацыі. Зыходзячы з той афіцыйнай лічбы, якая агучваецца, — 1 мільён 320 тысяч, зь іх сухапутныя войскі — звыш 600 тысяч.
І давайце ўявім, што Расея, не дабіўшыся вынікаў ва Ўкраіне, вырашыць пераключыцца на іншыя кірункі. У тым ліку дзеля таго, каб прамацаць боегатоўнасьць NATO і ягоную рэальную рэакцыю на акт агрэсіі.
І тут будзе неабходна падкрэсьліць важнае значэньне менавіта беларускага корпусу расейскай арміі. Мы казалі пра 60 тысяч і 145 тысяч рэзэрвістаў. Нават калі частка гэты х войскаў будзе падрыхтаваная для баявых дзеяньняў, і калі расейцы перакінуць сюды яшчэ 100-150 тысяч, якія ўмеюць ваяваць, яны могуць сабе гэта дазволіць. Атрымліваецца даволі вялікая групоўка, якая можа быць разгорнутая супраць краінаў Балтыі ці для больш вузкай задачы — захопу Сувальскага калідора.
І Расея можа нават не здымаць вялікай колькасьці войскаў з украінскага фронту (на якім цяпер ваюе каля 400 тысяч украінцаў), яна можа выкарыстоўваць у якасьці «гарматнага мяса» беларусаў. Ніхто ня будзе пытацца, ці маюць яны досьвед баявых дзеяньняў.
Мы маем досьвед бітваў у Бахмуце, у Аўдзееўцы, дзе страты расейскае камандаваньне не цікавілі ніякім чынам. Мы маем два зусім розныя падыходы да ацэнкі эфэктыўнасьці баявых дзеяньняў. Для Ўкраіны галоўных крытэрам эфэктыўнасьці ёсьць зьнішчэньне баявога патэнцыялу. А для расейскай арміі галоўным крытэрам зьяўляецца занятая тэрыторыя, любой цаной. І тым больш расейскае вайсковае кіраўніцтва ня будуць турбаваць жыцьці «дапаможнага кантынгенту», як яны ўспрымаюць беларускае войска.
— Украіна на сёньня вымушаная трымаць каля мяжы зь Беларусьсю даволі вялікія сілы. Навошта іх там трымаць, пакуль не назіраецца ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі нападу з тэрыторыі Беларусі, ніякай канцэнтрацыі каля мяжы беларускіх і тым болей расейскіх войскаў? Можа, іх можна было б перакінуць на фронт, дзе яны больш патрэбныя?
— Пакуль Украіна можа сабе гэта дазволіць. З другога боку, тут прысутнічае аспэкт «дэманстрацыі гатоўнасьці да дзеяньняў». Украіна вымушаная трымаць гэтыя войскі, нават нягледзячы на тое, што, паводле нашых ацэнак, агульная лічба Узброеных сілаў Беларусі, якія апэруюць у памежных раёнах, складае недзе 1800 чалавек.
Аднак частка з гэтых войскаў — гэта Сілы спэцыяльных апэрацыяў. Задача іхная — праводзіць адпаведныя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны. І яны гэтыя дзеяньні праводзяць.
— У якім сэнсе «праводзяць»? Ніколі ў прэсе не было ніякіх зьвестак, украінскі бок ніколі пра гэта не паведамляў.
— Але гэта ж не значыць, што іх не было. Навошта паведамляць? Як гэта памяняе сытуацыю? Тое, што з боку праціўніка вядзецца актыўная выведвальна-дывэрсійная праца — гэта аб’ектыўная рэальнасьць. Я ведаю, што часам гэтыя дывэрсійныя групы складаюць 20-30 чалавек. Таму мы і вымушаныя трымаць даволі прыкметны кантынгент на нашай паўночнай мяжы.
90% баявой работы — гэта маўклівая работа, якая ня любіць публічнасьці. Яна вядзецца стала. Для нас не зьяўляецца ніякім адкрыцьцём, што з боку Беларусі актыўна вядуцца выведвальныя і дывэрсійныя дзеяньні.