Турцыя прапанавала Зяленскаму і Пуціну новы «мірны план»
- 11.04.2024, 16:21
Тэкст дакумента ўжо ёсць ва ўсіх трох бакоў.
Турцыя мае новы план мірнага ўрэгулявання вайны Расеі супраць Украіны, які прадугледжвае замарожванне вайны і пазаблокавы статус, паведамляе «Новая газета».
Паводле інфармацыі ад крыніцы выдання, якая азнаёмілася з дакументам, гэты план прасоўваецца пры пасярэдніцтве прэзідэнта Турцыі Раджэпа Эрдагана і з'яўляецца ініцыятывай турэцкага боку.
Таксама суразмоўца выдання заявіў, што тэкст дакумента ўжо ёсць ва ўсіх трох бакоў - ва Украіны, Расеі і Турцыі. Дарэчы, гэты праект заснаваны на дакументах першых перамоў у Стамбуле, а таксама туды ўвайшла частка фармулёвак траўня 2022 года.
«Мірную ініцыятыву можа падтрымаць шэраг еўрапейскіх палітыкаў, яе таксама будуць прапаноўваць для падтрымкі асобным краінам Глабальнага Поўдня», — гаворыцца ў паведамленні.
У матэрыяле гаворыцца, што праект новай дамовы ад турэцкага боку мяркуе:
узаемнае абавязацельства ЗША і Расеі аб невыкарыстанні ні пры якіх умовах ядзернай зброі, а таксама аднаўленне дамовы аб абмежаванні стратэгічных узбраенняў, прычым пры немагчымасці аднабаковага выхаду з яго ў будучыні;
забарона на ўмяшанне ва ўнутраныя справы іншай краіны ўсякім спосабам, які можа выклікаць дэстабілізацыю яе ўрада;
замарожванне вайны па існай лініі фронту;
абавязацельствы правесці ў 2040 годзе рэферэндумы: агульнаўкраінскі аб замежнапалітычным курсе краіны, а таксама рэферэндумы пад міжнародным кантролем на ўсіх украінскіх тэрыторыях, анэксаваных на момант замарожвання вайны Расеяй;
гарантыі пазаблокавага статусу Украіны да 2040 года;
абмен палоннымі па формуле «ўсіх на ўсіх».
Расея не пярэчыць супраць уступлення Украіны ў Еўразвяз.
Пры гэтым журналісты мяркуюць, што імавернасць прыняцця гэтага дакумента невысокая, бо гэта «ўжо як мінімум дзявяты праект такога кшталту».