Дырэктар «Менскрамбуда» і высокі начальнік з аховы МУС трапіліся на хабары
- 11.04.2024, 16:31
Цяпер іх будуць судзіць.
За буйны хабар судзяць дырэктара «Менскрамбуда» і тылавога начальніка з Дэпартамента аховы МУС.
Імёны Дзмітрыя Харужыка і Сяргея Кляўко з'явіліся ў раскладзе судоў, звярнула ўвагу «Наша Ніва». Абаім пагражае да пятнаццаці гадоў калоніі.
Сяргей Кляўко - 50-гадовы былы міліцыянт. Ён больш за 27 гадоў праслужыў у міліцыі, а аддзел тылавога забеспячэння Менскай гарадской управы Дэпартамента аховы МУС узначальваў больш за пяць гадоў.
Выйшаў на пенсію ў студзені 2023-га ў званні падпалкоўніка - падчас цырымоніі выступоўцы асабліва адзначылі тое, як папрыгажэў Дэпартамент аховы ў часы Кляўко.
Аддзел тылавога забеспячэння займаецца закупамі (у тым ліку праз тэндэры), рамонтам будынкаў, будаўніцтвам, захоўваннем рыштунку і сочыць за тым, колькі рэсурсаў выкарыстоўвае дэпартамент.
Другі фігурант справы - 40-гадовы Дзмітрый Харужык. Ён некалькі гадоў узначальвае «Менскрамбуд». Гэта дзяржаўная арганізацыя, якая займаецца будаўніцтвам, адна з найбуйнейшых у краіне. Таксама яна займаецца вытворчасцю будаўнічых матэрыялаў, здае ў арэнду тэхніку і памяшканні, мае ўласны санаторый «Спадарожнік» пад Менскам.
Суд над мужчынамі пачнецца ў Цэнтральным судзе горада Менска 23 красавіка. Іх абвінавачваюць у «дачы хабару ў асабліва значнай суме». Хто каму даў хабар - пакуль невядома.