Уладальнік найстарэйшай у Беларусі FM-станцыі падаў на банкруцтва
- 12.04.2024, 9:45
У чым прычына?
ТДА "Анвік", якая валодае FM-станцыямі Radio BA і "Мелодыі стагоддзя", падало заяву аб банкруцтве ў эканамічны суд Менска.
У апублікаваных дакументах пазначана, што крэдыторская запазычанасць кампаніі, устаноўленая ліквідатарам, складае больш за 173 тысячы рублёў.
«Згодна з тлумачэннем, прадстаўленым дакументам і тлумачэнням прадстаўніка ліквідатара ў судовым пасяджэнні агульны кошт актываў даўжніка складае 109,7 тысячы рублёў. Маёмасць у пазычальніка адсутнічае», - гаворыцца ў вызначэнні суда.
Пасяджэнне аб прыняцці пастановы наконт банкруцтва ТДА "Анвік" прызначанае на 10 ліпеня.
Нагадаем, вяшчанне Radio BA і "Мелодыі стагоддзя" было спыненае ў лютым мінулага года. Пазней у сацсетках Жана Садэля, дыджэя радыёстанцый, з'явіўся пост “R.I.P. радыё "Бі-Эй" і "Мелодыі стагоддзя". Мяркуючы з запісу, радыёстанцыі закрыліся з-за фінансавых праблем.
У сакавіку 2022 года рэдакцыі Radio ВА выносілі папярэджанне. Прычынай сталі парушэнні заканадаўства аб СМІ, якія Мінінфарм выявіў падчас маніторынгу зместу радыёпраграм.
Кароткая гісторыя Radio ВА
Radio ВА распачало сваё вяшчанне 24 сакавіка 1993 года і стала першай прыватнай беларускай станцыяй у FM-дыяпазоне, якая належыць супольнаму беларуска-амерыканскаму прадпрыемству "Бі Эй Інтэрнэшнл". Статус беларуска-амерыканскага прадпрыемства станцыя атрымала праз тое, што была створаная пры падтрымцы амерыканскіх хрысціян-баптыстаў. І першы час крыху палохала далёкіх ад рэлігіі маладых слухачоў хрысціянскімі пропаведзямі ў прайм-тайм.
З часам місіянерская дзейнасць "Бі-Эй" была зведзена да мінімуму, а праз усяго 5 гадоў пасля адкрыцця, у 1998 годзе, Radio ВА называлі "найбольш паспяхова рэалізаваным праектам" у FM-дыяпазоне і самай багатай радыёстанцыяй, якая перацягнула на сябе большую частку рэкламнай “коўдры”.
Фірмовымі галасамі Radio ВА ў свой час былі Аляксандр Памідораў, Сяргей Кузін, Таццяна Мартынава, Вольга Няфёдава, Юрый Цароў aka Клаўс Мюлер, Барыс Штэрн, Дзмітрый Шунін, Андрэй Халадзінскі, Пётр Міхальцоў, Ірына Юзвак, пара Пратасавых, Арнольд Кукушка і многія іншыя.
У 1998-м радыёстанцыя нават адкрыла свой уласны начны клуб на вуліцы Сурганава ў Менску. "Юла" вельмі хутка стала папулярным месцам, таму што на вечарынках можна было ўбачыць дыджэяў і пазнаёміцца з імі асабіста.
Вось што згадвае пра клуб радыёвядоўца і музыка Аляксандр Памідораў:
«Для Менска і ўвогуле Беларусі гэта быў першы досвед і, напэўна, адзіны, калі радыёстанцыя рабіла свой уласны клуб. Яшчэ адна яго асаблівасць была ў тым, што ён адкрываўся ў несезон - у чэрвені. Дыскатэкі разлічаныя на моладзь. Знаходзіўся клуб у адным са студэнцкіх сэрцаў Менска. Там і палітэх, і РТІ, і інтэрнаты. Чэрвень, як вядома, - час сесіі. Мы адчыніліся… і ў нас быў гаць гаці людзей. Клуб па гардэробе ўмяшчаў у сябе 962 месцы. Калі ў нас было чалавек 400-500, гэта лічыўся няўдалы дзень».
У пачатку 2000-х была адкрыта афіляваная з ВА радыёстанцыя "Мелодыі стагоддзя": "Гэта музыка лепшых успамінаў, музыка, правераная часам, музыка, папулярная як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце".