BE RU EN

Пуцін выкарыстоўваў Лукашэнку

  • 12.04.2024, 10:34

Каб агучыць важны сігнал аб вайне з Украінай.

Уладзімір Пуцін «пагадзіўся» з «прапановай» Аляксандра Лукашэнкі вярнуцца да перамоў з Украінай паводле ўзгодненай у Стамбуле дамовы. У размове, стэнаграма якой падаецца на сайце Крамля, Лукашэнка зазначыў, што падчас перамоў у сакавіку—красавіку 2022 года бакі ўзгаднілі «сур'ёзныя зрухі», але пазней дамоўленасці былі сарваныя.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў «дастаць той дакумент, які вы калісьці мне паказалі і перадалі, пакласці на стол і рухацца па ім».

«Так, і з ім працаваць», - пагадзіўся Пуцін.

Лукашэнка дадаў, што ў дакуменце змяшчаецца «прымальная пазіцыя і для Украіны», і Кіеў два гады таму прыняў яе.

«Яны ж пагадзіліся. Вядома», - адзначыў Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка, які ў 2022 годзе прадказваў, што Кіеў возьмуць за «тры-чатыры дні», заявіў, яго «чуццё ніколі не падманвала» і цяпер ён адчувае, што ініцыятывы Пуціна наконт заканчэння вайны «знойдуць водгук на Украіне».

«Я гатовы з вамі разам устаць плячом да пляча і працаваць у гэтым кірунку», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Хоць беларускае войска і не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях, вайна Расеі і Украіны мае катастрафічныя наступствы для Беларусі. Беларусь, якая і раней была залежная ад расейскіх нафтагазавых датацый, была адрэзанай ад традыцыйных сусветных рынкаў і цяпер ужо цалкам прывязаная да расейскага, а эміграцыя з краіны дасягнула гістарычных рэкордаў.

Напярэдадні расейскае выданне «Новая газета Еўропа» паведамляла, што Турцыя прасоўвае новы праект мірнага пагаднення паміж Расеяй і Украінай. Са слоў крыніцы выдання, якая азнаёмілася з дакументам, у яго аснову леглі пункты з першага пагаднення ў Стамбуле. Аднак абноўленая дамова прадугледжвае замарозку вайны на існай лініі фронту, абавязацельствы правесці рэферэндумы на захопленых Расеяй тэрыторыях Украіны ў 2040 годзе, а таксама гарантыі пазаблокавага статусу Украіны да 2040 года.

Масква ў 2022 годзе пачынала вайну, разлічваючы на хуткую заваёву Украіны. Мяркуючы з рыторыкі Пуціна і дзеянняў РФ у той час, за акупацыяй Украіны рушыла б следам ліквідацыя ўкраінскай і беларускай дзяржаўнасці і інкарпарацыя ўкраінскіх і беларускіх земляў у склад Расеі па ўзоры таго, як гэта адбылося з Данецкам, Луганскам і акупаванымі тэрыторыямі Запарожскай і Херсонскай абласцей.

Замест гэтага Расея атрымала зацяжную вайну, на якой страціла сама меней 75 тысяч чалавек забітымі. Значная частка расейскай вайсковай тэхнікі была знішчаная, у тым ліку тысячы танкаў. Рэпутацыя расейскіх узбраенняў пацярпела, а прэстыж заходніх вырас.

Гатоўнасць Масквы весці перамовы сведчыць: яна змірылася з тым, што гэтыя першапачатковыя мэты вайны зараз не могуць быць дасягнутыя. Але няма падстаў думаць, што Расея ад гэтых мэт адмовілася. Менавіта таму шмат хто ва Украіне і краінах Еўразвязу выступае супраць такой замарозкі канфлікту. На іх думку, Масква шукае перадыху, каб аднавіць арсенал узбраенняў і аднавіць націск на Украіну ў зручны для сябе момант.

На думку крытыкаў ідэі такіх перамоў, толькі выхад Украіны на законныя межы 1991 можа стаць страхоўкай ад паўтарэння вайны ў будучыні.

Апошнія навіны