Чаму сума за прыборку пад'ездаў у рахунках беларусаў кожны месяц можа быць рознай
- 12.04.2024, 12:00
Растлумачылі менскія камунальнікі.
Плата за прыборку пад'ездаў вызначаецца пасля факту выкананых работ, але яна не можа быць вышэйшай за ўстаноўлены тарыф. А калі ёсць скаргі на якасць прыборкі, яна можа не аплачвацца, і гэта ўплывае на сумы ў квітанцыях, паведамілі "Минск-Новости" у Менскай гарадской жыллёвай гаспадарцы (МГЖГ).
- ЖЭУ як падрадчыкі і персанальна рабочыя для комплекснай прыборкі фінансава зацікаўленыя ў тым, каб не было абгрунтаваных скаргаў на санітарны стан дапаможных памяшканняў жылога дома. Калі паслуга не выкананая або выкананая няякасна, не ў поўным аб'ёме, яна не аплачваецца. Гэта адбіваецца на сумах у адпаведнай графе ў паведамленнях: многія плацельшчыкі бачаць, што кожны месяц яна можа быць рознай, але не вышэй за гранічна дапушчальны тарыф, - растлумачыла намесніца генеральнага дырэктара добраўпарадкавання, санітарнага ўтрымання жыллёвага фонду МГЖГ Настасся Вараб'ёва.
Са слоў чыноўніцы, за працай прыбіральшчыкаў арганізаваны шматузроўневы кантроль, а агульны нагляд ажыццяўляе майстар участка. Перыядычна праводзяць рэйды ЖКГ раёна і МГЖГ, па кожным звароце жыхароў праводзяцца праверкі.
У аб'яднанні не хаваюць, што сярод работнікаў ёсць і нядбайныя, да таго ж не ўсе ЖЭУ укамплектаваны кадрамі. Бываюць прэтэнзіі і да жыхароў, якія не заўсёды "з разуменнем ставяцца да спецыфікі працы прыбіральшчыкаў".
Хтосьці з жыхароў нешта прасыпаў, праліў, кінуў паперку ці недакурак - гэта ўжо антысанітарыя. Але адказнасць, за рэдкім выключэннем, нясе не вінаваты, а абслуговая арганізацыя, сцвярджаюць у МГЖГ.