Сіноптыкі паабяцалі беларусам «больш моцны фронт» на выходных
- 12.04.2024, 12:26
Надышоў час даставаць парасоны.
Больш за тыдзень беларусы радаваліся летняму цяплу і яркаму сонейку, аднак надышоў час даставаць парасоны. На найбліжэйшых выходных, мабыць, лепш пачакаць з шашлыкамі і дачакацца больш устойлівай тэмпературы. Сіноптыкі паабяцалі беларусам "халаднаватую паветраную масу", дажджы, проліўні і нават навальніцы.
Паводле інфармацыі Telegram-канала Nadvorie, цяпер наша надвор'е вызначае "ўсходняя перыферыя антыцыклону "В"". У суботу ападкі пройдуць толькі месцамі, а вось у нядзелю "фронт больш моыны". Гэта значыць, што на выходных беларусаў чакаюць дажджы, а па ўсходзе краіны нават залевы.
Са звестак Белгідрамета, у суботу, 13 красавіка, надвор'е ў краіне будзе залежаць ад атмасфернага фронту, які ідзе да нас з Балтыйскага мора. Сонца мы хутчэй за ўсё не ўбачым. На большай частцы тэрыторыі сіноптыкі прагназуюць кароткачасовыя дажджы, а ўдзень у некаторых рэгіёнах краіны чакаюцца навальніцы. Тэмпература паветра ўночы складзе +6..+12°С, а ўдзень слупок тэрмометра паднімецца да +20°С па поўдні Беларусі.
У нядзелю ноччу, 14 красавіка, краіна будзе знаходзіцца ў галіне падвышанага атмасфернага ціску. Яго сфармуе "халаднаватая паветраная маса". Раніцай і днём беларусаў чакаюць "атмасферныя франты цыклону", які перамяшчаецца з поўдня Скандынавіі на Фінскую затоку. У нядзелю таксама, як і ў суботу, будзе пахмурна з праясненнямі.
Уначы ў паўночных рэгіёнах Беларусі чакаецца невялікі дождж, а вось днём кароткачасовыя ападкі пройдуць ужо амаль над усёй тэрыторыяй краіны. Таксама ў Белгідрамеце папярэдзілі, што нам з вамі трэба рыхтавацца да навальніц. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад +5 да +11°С, а днём паветра прагрэецца ад +13°С па поўначы да +23°С па поўдні краіны.