Грошы кліентаў «Белпошты» апынуліся пад пагрозай
- 12.04.2024, 14:29
Праз новыя штукі ашуканцаў.
«Белпошта» паведаміла пра новы тып махлярства, з якім сутыкнуліся яе кліенты. Ашуканцы ад асобы паштовага сэрвісу рассылаюць апавяшчэнні, каб прывабіць людзей на фішынгавыя сайты, а затым выкрасці грошы з іх банкаўскіх рахункаў.
«Зламыснікі накіроўваюць у мэсанджар паведамленне аб неабходнасці ўдакладнення адраса дастаўкі паштовага адпраўлення з указаннем спасылкі ў сетцы Інтэрнэт», - паведамляе «Белпошта».
Пры пераходзе па ўказаным адрасе кліент трапляе на фішынгавы сайт, дзе яму прапануецца ўвесці звесткі і аплаціць тарыф за паслугу дастаўкі.
Для аплаты неабходна ўвесці звесткі банкаўскай карты. Пасля гэтага зламыснікі, якія атрымалі да яе доступ, могуць лёгка спісаць усе сродкі, якія знаходзяцца на рахунку.
«Белпошта» папярэджвае, што не рассылае падобных паведамленняў, і просіць грамадзян быць больш асцярожнымі і не давяраць такім рассыланням, асаблівую ўвагу звяртаючы на адрасы сайтаў, на якія вядуць спасылкі. Адрас сайта «Белпошты» belpost.by.