«Ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам»
- 12.04.2024, 14:50
Палітычная зняволеная ў лісце на кавалку туалетнай паперы расказала пра катаванні.
Крыніцы «Белсата» перадалі рэдакцыі ліст ад палітычнай зняволенай Кацярыны Новікавай. На кавалку туалетнай паперы Кацярына апісала сваё затрыманне і далейшае зняволенне.
Кацярыну Новікаву затрымалі на пачатку лета 2023 года. Яе схапілі ў адной піжаме, у якой яна знаходзілася ў СІЗА да першай перадачы ад родных.
Кацярыну Новікаву, паводле звестак «Вясны», судзілі паводле сямі артыкулаў: ад «распальвання варожасці» да «гвалту супраць міліцыянта». Працэс вяла суддзя Алена Шылько, якая ў выніку прысудзіла 6,5 гадоў зняволення і штраф 3000 беларускіх рублёў, якія Кацярына павінна выплаціць у якасці кампенсацыі «пацярпелым».
У лісце на кавалку туалетнай паперы Кацярына піша, што пры затрыманні яе біў супрацоўнік ГУБАЗіку Іван Васілевіч, затым у штабе ГУБАЗіКу на Рэвалюцыйнай, 3 яе «ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам». Сказалі, што б'юць за яе інтэрв'ю, за тэлеграм-канал і за яе звароты.
Лісты ёй амаль не даходзяць. Новікава піша таксама, што «малюнкі забаранілі».
«Я ўпала з другога паверха ложка, галавой аб драўляную паліцу, - распавядае зняволеная. — Здымак зрабілі, але больш за месяц не паведамляюць вынік».
Новікава піша, што пацярпелымі ў яе справе выступаюць тыя, ад каго яна сама пацярпела ў 2020 годзе. Суддзя і пракурор, згадвае яна, «агітавалі за Лу» (актыўна выступалі за Аляксандра Лукашэнку) і зневажалі яе як маглі. Яна таксама падазрае, што сын яе першага адваката працуе на ГУБАЗіК, двух сваіх адвакатаў яна называе «ніякімі».