Нафтавыя даходы Расеі абрынуліся на 20%
- 12.04.2024, 18:14
Даходы абрынуліся пасля ўдараў Украіны па найбуйнейшым НПЗ РФ.
Расейская эканоміка пазбавілася кожнага пятага даляра прыбытку за продаж вуглевадародаў пасля таго, як налёты ўкраінскіх дронаў паралізавалі працу найбуйнейшых НПЗ.
За сакавік экспарт нафты і нафтапрадуктаў прынёс расейскім нафтавікам $9,3 млрд, паведаміла ў пятніцу ў штомесячнай справаздачы Міжнароднае энэргетычнае агенцтва. У параўнанні з лютым нафтавыя даходы эканомікі РФ зменшыліся на 20%, або больш за $2 млрд, хоць фізічны аб'ём экспарту вырас: ён склаў 7840000 барэляў на дзень (3%), паводле ацэнкі МЭА.
Экспарт сырой нафты за месяц павялічыўся на 400 тысяч барэляў за дзень, а яе сярэдні кошт вырас на $1,8 да $75 за барэль, але адначасова на 200 тысяч барэляў штодня скараціліся продажы нафтапрадуктаў. Гэта, як піша МЭА, стала следствам аварыйнага прыпынення расейскіх НПЗ, якія з пачатку года зазналі рэгулярныя налёты ўкраінскіх БПЛА.
На падлікі Reuters, за студзень-сакавік не менш за 10 заводаў пацярпелі ад дронаў. Сярод іх - Валгаградскі НПЗ «Лукойл», дзе загарэлася адна з установак перапрацоўкі нафты, а таксама Ільскі НПЗ, завод «Новатэка» ва Усць-Лузе, Туапсінскі НПЗ «Раснафта», Навашахцінскі НПЗ у Растоўскай вобласці і завод НАРСІ ў Ніжагародскай у топ найбуйнейшых у краіне (належыць «Лукойлу»).
13 сакавіка ад удару БПЛА пацярпеў найбуйнейшы НПЗ «Раснафта» ў Разані, які забяспечвае палівам, дарэчы, Маскву і вобласць. Праз тры дні праз атаку БПЛА загарэлася адзіная дзейная ўстаноўка нафтаперапрацоўкі на НПЗ у Сызрані, а 23 сакавіка адну з дзвюх установак па перапрацоўцы нафты спыніў Куйбышэўскі НПЗ «Раснафты».
Паводле інфармацыі Расстата, з пачатку сакавіка да 7 красавіка вытворчасць бензіну ў Расеі абрынулася на 10,1%, а дызельнага паліва – на 7,6%. Праз пагрозу дэфіцыту расейскія ўлады звярнуліся па дапамогу да Беларусі і Казахстана: у першай Крэмль папрасіў 100–150 тысяч тон аўтабензіну на месяц, а ў другога — стварыць рэзерв аб'ёмам 100 тысяч тон на выпадак крайняй неабходнасці.