У Расіі не змаглі знайсці ніводнага новага буйнога радовішча нафты
- 12.04.2024, 19:12
У будучыні РФ перастае быць бензакалонкай?
Пошукі ў Расеі новых пакладаў нафты, якія маглі б папоўніць запасы, якія выбываюць праз здабычу, у 2023 годзе прынеслі правальныя вынікі.
За год на дзяржаўны баланс былі пастаўленыя 43 радовішчы нафты і газу, паведамляюць «Ведомости» са спасылкай на звесткі Раснедр.
І хаця колькасць новых радовішчаў вырасла на 9 у параўнанні з мінулым годам, толькі адно з іх трапіла ў катэгорыю буйных — нафтагазакандэнсатнае радовішча імя Р. У. Маганава на шэльфе Каспійскага мора з запасамі 136,2 млрд кубаметраў газу.
Сярод нафтавых радовішчаў буйных не знайшлося, вынікае са звестак Раснедр. Амаль усе яны выявіліся альбо «дробнымі» (запасы да 5 млн тон), альбо «вельмі дробнымі» (менш за 1 млн тон). Самым багатым на барэлі радовішчам сталася Бурскае ў Іркуцкай вобласці. Аднак яго памер - 8,7 млн тон - адпавядае аб'ёму, які нафтавая прамысловасць пры існых тэмпах выпампоўвае з нетраў за 6 дзён.
Таксама ў топ-3 патрапілі радовішча імя У. П. Арлова (7,5 млн тон, або 5 дзён расейскай здабычы) і Талтымскае ў ХМАА (6,1 млн тон, 4 дні здабычы).
Агулам нафтавыя кампаніі зрабілі справаздачу аб знаходжанні 565 млн тон нафты - мінімальнага за 6 гадоў аб'ёму. Аднак гэты вынік быў дасягнуты пераважна давыведкай ужо дзейных пакладаў. Сумарныя запасы новых радовішчаў склалі толькі 43 млн тон нафты, а гэта адзін месяц цяперашняй расейскай здабычы.
Сумныя вынікі геолагаразведачных работ фіксуюцца ў Расеі з года ў год. За апошнія пяць гадоў толькі аднойчы нафтавікам і геолагам удалося адкрыць новае буйное нафтавае радовішча - Мадачагскае на шэльфе Баранцава мора з запасамі 82 300 000 тон.
Да 90% усіх нафтагазавых радовішчаў, якія адкрываюцца, належаць да дробных і вельмі дробных, прызнаюць Раснедры. Пры гэтым, паводле звестак Мінпрыроды, амаль усе запасы нафты ў Расеі ўжо ўключаныя ў работу: неразмеркаваны фонд складае толькі 3%.
Каб падтрымліваць вытворчасць на знясіленых пакладах, адкрытых у часы брэжнеўскага застою, нафтавікам даводзіцца свідраваць усё больш свідравін: летась аб'ёмы свідравых работ дасягнулі 28,1 тысячы кіламетраў і ўстанавілі рэкорд у найноўшай гісторыі краіны.
Але аб'ём здабычы пры гэтым не павялічваецца (ён асеў на 1%, 530 млн тон), звяртае ўвагу партнёр RusEnergy Міхаіл Круціхін: «Гэтыя свідравіны свідруюць не на новых промыслах, а на старых, каб высмактаць астатнюю нафту, падтрымаць здабычу з апошніх сіл».
Летась у Югры - а гэта вядучая нафтавая зона Расеі - уведзеныя толькі два радовішчы, і абодва малюсенькія, паказвае Круціхін: «Гэта Юкун-Ёганскае радовішча, якое ўвёў «Лукойл», і Усходне-Рагожнікаўскае ў «Сургутнафтагаза».
«Нядаўна на галіновай нарадзе ў Ханты-Мансійску была агучаная лічба: засталося ад 9 да 17 гадоў да поўнага знясілення рэнтабельных запасаў нафты ў Расеі, - распавядае эксперт. - Пасля гэтага застанецца толькі тая нафта, здабываць якую даражэй, чым прадаваць».