З 15 красавіка ў Беларусі нельга будзе лавіць судака
- 12.04.2024, 21:14
Інакш будзе штраф.
З 15 красавіка да 30 траўня ў Беларусі забароненая лоўля судака. Пра гэта паведамілі на сайце Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце.
У выпадку здабычы судака яго трэба з найменшымі пашкоджаннямі незалежна ад ягонага стану адразу выпусціць у натуральнае асяроддзе пасялення (непасрэдна ў месца лоўлі).
За незаконную лоўлю судака прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, а парушальніку пагражае штраф памерам ад 10 да 30 базавых велічыняў (1 БВ – Br40).
За кожную асобіну судака давядзецца яшчэ заплаціць – за шкоду, што разлічваецца на падставе таксаў, вылічаных у трайным памеры. Такім чынам, за аднаго судака шкода складзе 18 базавых велічыняў (Br720). У выпадку, калі памер шкоды складзе 100 і больш базавых велічыняў, надыходзіць крымінальная адказнасць.
Акрамя таго, за знаходжанне ў рыбалоўных угоддзях з судаком без дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць валодання рыбай, або яе перамяшчэнне (транспартаванне) прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, што прыводзіць да накладання штрафу памерам ад 5 да 30 базавых велічыняў.