BE RU EN

Украінцы могуць мець на руках да пяці мільёнаў адзінак зброі

  • 13.04.2024, 12:40

Не лічачы трафейнай.

На руках ва ўкраінцаў можа быць ад аднаго да пяці мільёнаў адзінак зброі, не лічачы трафейнай.

Пра гэта заявіў міністр унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка.

«Мы сёння гаварылі, колькі зброі на руках [можа быць] у нашых грамадзянаў. Ад мільёна да пяці. Але мільён – гэта таксама шмат. А колькі гранатаў на руках у нашых грамадзянаў? Таксама шмат. І мы павінны зрабіць усё, каб гэтая зброя, гэтыя боепрыпасы, патрапілі на склады, каб не ставіць пад небяспеку грамадзянаў», – сказаў ён на паседжанні Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў пры прэзідэнце Украіны.

Паводле ягоных словаў, на сёння амаль уся зброя, якая была выдадзеная грамадзянам, улічаная.

Кліменка адзначыў, што цяпер на руках у грамадзянаў таксама незаконна знаходзіцца пэўная колькасць адзінак трафейнай зброі.

«Але мы свядома разумеем, што яна мусіць быць на руках у грамадзянаў, таму што ідзе вайна. Два тыдні таму ў першым чытанні [нардэпы] прынялі закон, якім вызначаецца, што мы будзем рабіць з трафейнай зброяй. Пасля таго як у другім чытанні гэты закон будзе прагаласаваны, кожны грамадзянін, які мае гэтую зброю, ён павінен прынесці яе ў паліцыю і зарэгістраваць», – сказаў міністр.

Пасля гэтага зброю з боепрыпасамі грамадзяне змогуць захоўваць у сябе да заканчэння рэжыму ваеннага становішча, растлумачыў чыноўнік.

«Пасля 90 дзён пасля заканчэння рэжыму ваеннага становішча кожны грамадзянін павінен прынесці гэтую зброю ў органы паліцыі і або яе здаць, або выпусташыць, або перарабіць у дазволены від зброі і г.д.», – сказаў Кліменка.

Міністр дадаў, што цяпер размова ідзе пра культуру выкарыстання зброі, якая ёсць на руках ва ўкраінскіх грамадзянаў.

«Як толькі мы гэтую культуру зможам выхаваць у людзей, тады мы зможам гаварыць, што мы можам зрабіць наступны крок у валоданні зброяй. У той самы час не трэба забывацца на вялікую колькасць ментальных разладаў у людзей, якія прыйдуць з фронту і мы будзем адказваць, МУС у першую чаргу, за гэтую працу», – сказаў Кліменка.

Апошнія навіны