BE RU EN

Іран захапіў партугальскі карабель у Армузскім праліве

  • 13.04.2024, 15:54

Спецназ КВІР высадзіўся на борт з гелікаптэра «Мі-17».

У суботу, 13 красавіка, у Армузскім праліве Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) Ірана напаў на цывільны карабель.

Быў захоплены кантэйнеравоз MSC ARIES, які ходзіць пад сцягам Партугаліі.

Як піша The Guardian, на відэазапісе, апублікаваным агенцтвам AP, відаць, як спецназ КВІР з гелікаптэра высаджваецца на карабель у Армузскім праліве.

MSC ARIES, загружаны пад завязку кантэйнерамі з таварамі, ішоў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Індыю.

Падчас праходжання Армузскага праліва на борт высадзіўся дэсант КВІР з гелікаптэра «Мі-17». Адзін з чальцоў экіпажу зняў гэты момант на відэа.

Карабель MSC ARIES зацікавіў іранцаў, як мяркуецца, праз сваю магчымую сувязь з мільярдэрам Ізраіля Эялем Аферам.

Карабель нібыта належыць ягонай кампаніі Zodiac Group, пацверджання чаму на гэты момант няма.

У Тэгеране пакуль не каментуюць захоп цывільнага борта.

Апошнія навіны