Сталі вядомыя падрабязнасці буйнога праекту Пуціна на поўдні Украіны
- 14.04.2024, 15:19
Апублікаваная мапа.
За апошні год Расея прыступіла да рэалізацыі вялікай праграмы будаўніцтва чыгунак, мэта якой - звязаць акупаваны Крым праз акупаваныя тэрыторыі з Данецкам, найбуйнейшым горадам Данбаса, і Растовам-на-Доне.
Чыгунка – гэта элемент лагістычнай падрыхтоўкі Расеі да чаканага стратэгічнага наступу вясной 2025 года, мяркуе навуковы супрацоўнік Каралеўскага інстытута аб'яднаных Узброеных сіл Вялікай Брытаніі Майкл Кларк.
Аб гэтым піша The Sunday Times. Крым быў галоўнай базай для ваенных аперацый Крамля на Поўдні Украіны, але мост, які злучае ўсходнюю частку паўвострава з мацерыковай часткай Расеі, уразлівы для ўкраінскіх атак, нягледзячы на тое, што пуцінскія войскі ўсё часцей перашкаджаюць іх намаганням.
Новую чыгуначную галінку, якая праходзіць па паўночным узбярэжжы Азоўскага мора, будзе лягчэй абараняць, і яна павялічыць прапускную здольнасць.
«Гэтая чыгуначная лінія - спосаб зрабіць Крым менш уразлівым», - дадаў Кларк. «Калі мост будзе разбураны, вы перакінеце больш грузаў на новую чыгуначную лінію».
Яна таксама паскорыць час дастаўкі грузаў на паўвостраў і назад. У доўгатэрміновай перспектыве новая лінія з'яўляецца яшчэ адным довадам «імперскага праекта» Пуціна - замацаваць за сабой усходнюю частку Украіны, якую крамлёўская прапаганда цяпер называе Наваросіяй - тэрмін, які быў уведзены ў 1764 годзе ў перыяд праўлення Кацярыны Вялікай, але знік з мапаў у савецкі час.
У знак сваіх намераў прэм'ер-міністр РФ у траўні мінулага года падпісаў указ аб стварэнні новай структуры, «Чыгункі Наваросіі», якая аб'яднала чыгуначныя перавозкі ў Данецку і Луганску, з новымі тэрыторыямі ў суседніх Запарожжы і Херсоне.
Гэтая лінія, пабудаваная з новых і існых шляхоў, праходзіць на поўдзень ад новых тэрыторый, з лагістычнымі вузламі ў Валнавасе, Марыупалі, Бярдзянску і Мелітопалі. Падчас мітынгу на Краснай плошчы 18 сакавіка Пуцін абвясціў аб заканчэнні будаўніцтва адцінка ад Растова-на-Доне праз Марыупаль да Бярдзянска працягласцю блізу 150 міль.
«Мы будзем працягваць гэтую працу, і неўзабаве цягнікі будуць хадзіць да самага Крыма, і гэта будзе яшчэ адзін альтэрнатыўны маршрут, апроч Крымскага моста», - падкрэсліў ён.
Украінцы відавочна занепакоеныя наступствамі будаўніцтва новай лініі, якую іх вайсковая выведка назвала «сур'ёзным выклікам» і «важнай цэллю» для сваіх узброеных сіл.
«Новая лінія «амаль скончаная, і яна можа ўяўляць для нас сур'ёзную праблему», - заявіў у мінулым месяцы ўкраінскай дзяржаўнай тэлевізіі кіраўнік службы Кірыл Буданаў.
Аднак некаторыя каментатары настроеныя скептычна: «Расея заявіла, што чыгунку можна пабудаваць за шэсць месяцаў, але ў мяне ёсць сумневы», - заявіў украінскаму каналу «24» дырэктар кіеўскага Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.
Ён адзначыў, што праект пакутуе ад «сабатажу, крадзяжу і затрымак».
Каб пагоршыць праблемы расейцаў, украінскія войскі, хутчэй за ўсё, будуць атакаваць лінію падчас яе будаўніцтва: асноўная ўвага, імаверна, будзе нададзеная чыгуначным мастам, такім як мост каля Гранітнага, а не адрэзкам шляху, якія можна адносна лёгка замяніць у выпадку разбурэння.
Украінцам, якія пражываюць на падкантрольных Расеі тэрыторыях, рэкамендавана не карыстацца новай лініяй, як толькі яна будзе запушчаная. У XIX стагоддзі ў Расейскай імперыі чыгункі адыгрывалі важную стратэгічную ролю ў ваенны час, у тым ліку і ў Крыме.
14-мільная Крымская цэнтральная чыгунка была пабудаваная брытанцамі ў 1855 годзе падчас Крымскай вайны для перапраўкі боепрыпасаў і правіянту салдатам хаўруснікаў, якія ўзялі ў аблогу Севастопаль.
Па ёй таксама курсіраваў першы ў свеце санітарны поезд. [Рубеж] грамадзянскай вайны, якая рушыла ўслед за бальшавіцкай рэвалюцыяй 1917 года, часткова праходзіў па Транссібірскай магістралі.
Гэтая лінія, якая працягнулася на 5772 мілі на ўсход ад Масквы да Уладзівастока, адыграла ключавую ролю і падчас Другой сусветнай вайны. Баючыся, што яе адрэзкі занадта блізка падыходзяць да кітайскай мяжы, у 1930-х гадах Сталін загадаў пабудаваць Байкала-Амурскую магістраль (БАМ), якая ідзе паралельна ёй у некалькіх сотнях міль на поўнач.
На думку эксперта Крысціяна Вольмара, чыгункі зноў становяцца жыццёва важнымі ў канфлікце Расеі і Украіны.
«Праз амаль 200 гадоў пасля Крымскай вайны чыгункі па-ранейшаму гуляюць ключавую ролю для войскаў», - паказвае ён.
Чыгунка адыгрывае не менш важную ролю для ўкраінцаў, якія выкарыстоўваюць свае 13700 міль шляхоў для транспартавання грузаў і салдат на лінію фронту на Усходзе, для эвакуацыі мільёнаў цывільных асоб на Захад і для дастаўкі замежных лідараў у Кіеў і назад.
Кіраўнік кампаніі «Украінская чыгунка» Аляксандр Камышын у першы год канфлікту заслужыў пахвалу за тое, што яго цягнікі хадзілі своечасова, нягледзячы на сталы атакі з боку Расеі.
Крэмль прыняў пастанову аб будаўніцтве новага адцінка лініі пасля таго, як у кастрычніку 2022 года была прадэманстраваная ўразлівасць моста праз Керчанскую пратоку. Грузавік з выбухоўкай узарваўся, прычыніўшы сур'ёзныя пашкоджанні [мосту].
Дэталі новай лініі праз новыя тэрыторыі былі раскрытыя ў чэрвені мінулага года на Пецярбуржскім эканамічным форуме чыноўнікам з акупацыйнай адміністрацыі ў Запарожжы, які заявіў, што для аб'екта праводзяцца «прадпраектныя пошукі», якія чакаюць «папярэдняга ўзгаднення».
Намеснік кіраўніка адміністрацыі вобласці па эканоміцы, сказаў: «Гэта будзе дадатковая магчымасць для перамяшчэння грузаў па чыгунцы нараўне з Крымскім мостам». Паводле яго слоў, чыгуначная лінія пройдзе па тым жа маршруце, што і галоўная дарога, якая таксама будуецца.