Расейцы пачалі скардзіцца на Беларусь праз цэмент
- 16.04.2024, 9:20
Нібыта парушаныя нормы ЕАЭС.
Расейскі прамысловы холдынг "Цэмрас", які займаецца вытворчасцю будматэрыялаў, паскардзіўся ў ФАС РФ на нормы, уведзеныя ўладамі Беларусі, якія нібыта абмяжоўваюць доступ кампаніі на цэментны рынак нашай краіны, піша myfin.by.
У лісце "Цэмрас" звяртае ўвагу ФАС на тое, што такія меры перашкаджаюць расейскім вытворцам цэменту ўдзельнічаць у дзяржзакупках нароўні з беларускімі. Холдынг таксама ўказаў, што ў тыпавой дамовы"Беларускай цэментнай кампаніі" (БЦК) змяшчаюцца абмежаванні на працу з іншымі пастаўшчыкамі - расейская структура мяркуе, што гэта не адпавядае нормам ЕАЭС.
Расейскі вытворца будматэрыялаў просіць ФАС “правесці праверку абставінаў, ініцыяваўшы ў выпадку выяўлення парушэнняў дзеяння, накіраваныя на забеспячэнне добрасумленнай канкурэнцыі”.
На запыт "Коммерсанта" аб каментарах не адказалі ні ў ФАС, ні ў БЦК, ні ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі.
Пры гэтым прадстаўнік "Цэмраса" Дзяніс Усольцаў заявіў, што зваротам у ФАС кампанія спрабуе давесці сваю пазіцыю да расейскіх дзяржорганаў. Паводле яго слоў, пастаўкі ў Беларусь ажыццяўляе размешчанае ў Бранскай вобласці прадпрыемства "Мальцоўскі партландцэмент", а меры, уведзеныя ўладамі нашай краіны, могуць прывесці да спынення і кансервацыі вытворчасці.