Беларус падзяліўся лайфхакам, як прайшоў мяжу з Польшчай за дзевяць гадзін, а не за 24
- 16.04.2024, 18:19
І расказаў, колькі гэта каштавала.
Нядаўна Яўген з жонкай і катом перасякалі беларуска-польскую мяжу. Ехалі яны на аўтобусе. Каб скараціць час чакання ў чарзе, пара надумала пайсці на хітрасць. У выніку на перасячэнне мяжы ім спатрэбілася дзевяць гадзін, а не 24. Лайфхакам Яўген падзяліўся ў TikTok, заўважыла «Зеркало».
Абапіраючыся на ўласны досвед, Яўген расказвае, што, калі аўтобус прыязджае на мяжу, трэба папрасіць кіроўцу дастаць вашыя валізкі, забраць ручную паклажу і ісці ў пачатак чаргі.
- Там падыходзьце да ўсякага кіроўцы і пытаецеся, ці ёсць у яго вольныя месцы для вас і вашага багажу. Калі ён кажа, што ёсць, адразу ж назаве кошт. Мы заплацілі за двух чалавек і нашага ката 70 даляраў (229 рублёў курсам Нацбанку на 16 красавіка. - Заўв. рэд.). Такім чынам, наша чарга скарацілася на 24 гадзіны, калі не на больш, - выказаў меркаванне аўтар роліка. - Прайшоўшы беларускую мяжу, тое ж самае мы зрабілі і на польскай.
Са слоў Яўгена, на польскім баку іх аўтобус апынуўся «недзе 12-м у чарзе». Маладзён выказаў меркаванне, што ў той дзень час знаходжання на польскай мяжы быў па схеме «адзін аўтобус - адна гадзіна».
- Мы не хацелі там тырчаць 12 гадзін, таму я падышоў да кіроўцы аднаго з першых аўтобусаў і дамовіўся за 180 злотых (146 рублёў), каб мы былі ў пачатку чаргі. Ён быў паўпусты, - распавядае Яўген.
Са слоў беларуса, такім чынам іх сям'я прайшла мяжу за дзевяць гадзін. Зэканомлены час чакання каштаваў 375 рублёў.
У каментарах меркаванні карыстальнікаў наконт ідэі Яўгена разышліся. Адны палічылі, што з такімі дадатковымі марнаваннямі паездка атрымліваецца «залатой». Іншыя тут жа падказалі, што «так і трэба рабіць», толькі да Берасця варта ехаць на цягніку.
- Я нават квіток на аўтобус не брала, адразу паеду на мяжу шукаць месца, - адзначыла адна з карыстальніц.
- А мы прайшлі за 16 гадзін, нічога не даплачвалі. Дзевяць гадзін не так ужо і мала за такія грошы, - падзяліўся меркаваннем наступны каментатар.
Акрамя таго, у абмеркаваннях адна з карыстальніц падказала ідэю для тых, хто едзе з Беларусі ў Польшчу, каб патрапіць у аэрапорт. Яна прапанавала варыянт палёту праз Латвію.
- Кожны дзень ездзіць аўтобус Менск - Рыга праз пункт пропуску «Грыгараўшчына», там няма чэргаў, - падзялілася досведам жанчына. - Мяжу праходзіце за паўтары-дзве гадзіны.