20 краінаў свету набудуць паўмільёна боепрыпасаў для Украіны
- 17.04.2024, 20:18
Супольныя пастаўкі Кіеву «дапамогуць наўпрост змяніць сітуацыю на фронце».
Дваццаць краінаў свету далучыліся да чэшскай ініцыятывы ў набыцці боепрыпасаў для Украіны. Пра гэта ў аўторак, 16 красавіка, заявіў прэм'ер-міністр Чэхіі Пётр Фіяла падчас свайго двухдзённага візіту ў ЗША. «Я рады, што на гэты момант да нашай ініцыятывы ўжо далучыліся блізу 20 краінаў», – заявіў Фіяла, назваўшы, сярод іншых, Канаду, Нямеччыну, Нідэрланды і Польшчу. Чэшскі прэм'ер дадаў, што гэта дазволіць «паставіць блізу 500 тысячаў артылерыйскіх боепрыпасаў» Украіне.
Фіяла таксама адзначыў, што пастаўкі снарадаў павінны стаць доўгатэрміновай стратэгіяй дапамогі Кіеву. Паводле ягоных словаў, няма прычынаў, якія перашкаджаюць таму, каб 20 краінаў-донарак не паставілі Украіне яшчэ мільён боепрыпасаў цягам наступных 12 месяцаў. Супольныя пастаўкі Кіеву «дапамогуць наўпрост змяніць сітуацыю на фронце», дадаў кіраўнік чэшскага ўраду.
Фіяла не ўдакладніў, якую суму ўжо атрымалася сабраць, аднак, паводле словаў упаўнаважанага ўраду Чэхіі ў аднаўленні Украіны Томаса Копечны, гаворка ідзе прыкладна пра 3 млрд даляраў.
У сярэдзіне лютага падчас Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел абвясціў пра намер краіны паставіць Украіне 500 тысячаў артылерыйскіх снарадаў калібру 155 мм і 300 тысячаў – калібру 122 мм. Набыць боепрыпасы Павел прапанаваў у трэціх краінаў. Паводле ягоных словаў, такая ўгода стала б магчымай толькі пры фінансавым удзеле ў ёй іншых дзяржаваў-хаўрусніцаў Украіны.
У сакавіку амерыканская газета The Wall Street Journal пісала, што Чэхія ўжо здолела набыць блізу 800 тысячаў артылерыйскіх снарадаў у пастаўшчыкоў з усяго свету. Яшчэ 700 тысячаў снарадаў Чэхія зможа набыць пры наяўнасці дадатковых сродкаў.