«Для танкаў дарогі не патрэбныя»
- 19.04.2024, 19:32
Чаму ў Беларусі будзе пагаршацца якасць дарог?
Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін патлумачыў, чаму ў Беларусі будзе пагаршацца якасць дарог.
- Згодна з планамі на 2024 год, на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт дарог з дарожнага фонду хочуць выдаткаваць амаль 2 млрд рублёў. Але па даходах туды мяркуецца прыцягнуць 800 млн рублёў, гэта значыць, грошы ёсць толькі на 40% выдаткаў у гэтым годзе, - адзначыў Уладзімір Кавалкін у «Звычайнай раніцы». - Адкрытым застаецца пытанне, дзе ўзяць яшчэ 60%.
Раней гэтыя 60% складала розная замежная дапамога. Найбольш дапамагаў, напрыклад, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), за кошт сродкаў якога будавалі ўсе асноўныя скразныя беларускія магістралі.
Цяпер будуць вымушаныя недзе шукаць гэтыя 60%. Вось так: планы ёсць, а грошай няма.
І Расея наўрад ці будзе дапамагаць рабіць дарогі ў Беларусі. Расея ваюе, ёй патрэбныя жалязякі для забойства людзей. Такія заказы яны тут размяшчаюць і пад іх гатовыя даваць інвестыцыі. А дарогі ім у Беларусі ні да чаго, для танкаў дарогі не патрэбныя.
Пры гэтым эканаміст удакладніў, што беларусы працягваюць плаціць транспартны падатак.
- Паводле апошняй статыстыкі, якая ёсць у агульным доступе, за 2022 год па транспартным падатку беларусы заплацілі на 50% больш, чым годам раней.
Гэта сведчыць аб тым, што праблема не ў людзях. Гэта беларускі рэжым прывёў да таго, што ўпалі аб'ёмы гандлю і эканомікі, што пагранпераходы закрываюць і Беларусь пазбаўляецца сваёй галоўнай перавагі - геаграфічнага становішча. Сыходзяць перавозчыкі, падае трафік, адпаведна, падаюць даходы.
Адыходзяць міжнародныя фонды і структуры, якія раней на льготных і дастаткова выгадных умовах выдзялялі крэдыты для будаўніцтва новых дарог.
Да 2020 сапраўды шмат грошай выдаткоўвалася на будаўніцтва дарог. Былі пабудаваныя хуткасныя трасы ў абласныя цэнтры, скразныя трасы з Вільні ў Гомель і далей у Кіеў. Планавалася зрабіць капітальны рамонт трасы М1 Берасце-Масква і іншых дарог нацыянальнага значэння, - распавёў Кавалкін.
У той жа час ён адзначыў, што дарогам рэгіянальнага і мясцовага значэння і раней надавалася значна менш увагі і растлумачыў чаму.
— У кожнай аўтарытарнай, адміністрацыйна рэгуляванай дзяржаве, у першую чаргу, грошы заўсёды ідуць на паказуху, гэта значыць, на самыя галоўныя дарогі. На астатняе - паводле рэшткавага прынцыпу.
І калі вы паглядзіце на беларускія дарогі, то часцей за ўсё самыя найлепшыя - гэта і ёсць міждзяржаўныя дарогі для транзіту. Дарогі, якія звязваюць буйныя гарады і рэгіёны, ужо горшыя. А мясцовыя, там, у нейкую вёску ці з яе ў вялікі населены пункт, самыя кепскія. Там, як правіла, галеча, і ў найлепшым выпадку ямачны рамонт.
У сельсаветах, куды дзяржаўныя грошы не даходзяць у прынцыпе, паўсюдная практыка - папрасіць за кошт мясцовага калгасу нешта падсыпаць, падраўняць, каб не патануў трактар.
Сітуацыя з грашыма наўрад ці палепшыцца надалей. Таму, думаю, чыноўнікі выкруцяцца звыклым шляхам - традыцыйна будуць пускаць пыл у вочы. А менавіта з якіх-небудзь рэзерваў зробяць ямачны рамонт, прыедзе Лукашэнка, пакажуць яму гэты адрамантаваны адрэзак дарогі.
Да развязання праблем звычайных людзей не дойдзе, - мяркуе эксперт.