BE RU EN

Украінскія байцы тыдзень высочвалі расейскі Ту-22

  • 19.04.2024, 20:33

Буданаў расказаў падрабязнасці.

Кіраўнік Галоўнай управы разведкі МА Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што для знішчэння расейскага бамбавіка Ту-22МЗ украінскія байцы цягам тыдня чакалі, пакуль ён выйдзе на патрэбную мяжу.

Пра гэта ён заявіў у каментары BBC у пятніцу, 19 красавіка.

«Тыдзень была, скажам так, сама “засада”. Чакалі, калі ён выйдзе на патрэбную мяжу. Доўга чакалі, рыхтаваліся, урэшце змаглі», – сказаў Буданаў.

Ён таксама адзначыў, што расейскі бамбавік Ту-22МЗ атрымалася збіць на адлегласці 308 км. Для яго знішчэння выкарыстоўвалі «тыя самыя прыёмы і сродкі», што і для ліквідацыі самалёта А-50.

Паводле інфармацыі ГУР, у расейцаў яшчэ ёсць самалёты такога тыпу, аднак Буданаў адзначыў, што «гэта першае збіццё самалёта далёкай авіяцыі ў гэтай вайне», ад якога «Адэсе будзе крыху лягчэй цяпер».

Акрамя гэтага, кіраўнік разведкі дадаў, што самалёты Ту-22М3 выкарыстоўвалі ракеты Х-22, якія, паводле ягоных словаў, нанеслі больш за ўсё разбурэнняў па Адэсе. Гэтыя ракеты ніхто не мог перахапіць, бо яны магутныя і хуткія, адзначыў Буданаў.

Праз тое, што гэтыя ракеты з'яўляюцца савецкай распрацоўкай, большасць цывільных будынкаў знішчылі менавіта Х-22.

Цяпер расейскім войскам давядзецца шукаць новыя месцы для запуску ракетаў і выкарыстоўваць толькі наземныя комплексы для ўдараў па Адэсе, а таксама ракеты з далёкай авіяцыі і мора, сказаў кіраўнік разведкі.

«Х-22, я спадзяюся, больш не ўбачаць», – падкрэсліў Буданаў.

Буданаў пацвердзіў выданню TWZ, што расейскі бамбавік збілі зенітна-ракетным комплексам далёкага радыусу дзеяння С-200 (SA-5 Gammon).

Адзначаецца, што Украіна ніколі раней не брала адказнасць за знішчэнне ў паветры Ту-22М3 – або любога іншага расейскага бамбавіка далёкага радыусу дзеяння.

Апошнія навіны