NYT: УСУ страцілі пяць танкаў Abrams за два месяцы
- 21.04.2024, 12:24
Падрабязнасці.
Расейцам удалося вывесці са строю 5 з 31 амерыканскіх танка M1 Abrams, якія Пентагон даслаў ва Украіну ўвосень мінулага года. Гэта адбылося цягам двух апошніх месяцаў.
Аб гэтым піша The New York Times са спасылкай на высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка.
Акрамя гэтага, яшчэ тры танкі атрымалі сур'ёзныя пашкоджанні пасля адпраўкі ў бой сёлета. Таксама не менш за 30 нямецкіх танкаў Leopard розных мадыфікацый былі знішчаныя з таго часу, як яны пачалі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях ва Украіне.
Выданне адзначае, што M1 Abrams уважаюцца аднымі з самых магутных танкаў у свеце, але пасля з'яўлення на фронце FPV-дронаў яны становіцца ўсё больш уразлівымі, бо беспілотнікі могуць патрапіць ва ўразлівыя месцы часткі баявой машыны. Гэта, галоўным чынам, там, дзе яго браня найтанчэйшая: зверху, у заднім блоку рухавіка і ў прасторы паміж корпусам і вежай.
Цягам многіх гадоў пяхота супрацьдзейнічала танкам, выкарыстоўваючы міны, выбуховыя прыстасаванні, гранатамёты і супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты.
«Але беспілотнікі з'яўляюцца не толькі бяспечным, але і больш дакладным сродкам знішчэння танкаў. Аператар можа накіраваць БПЛА ў найболей уразлівае месца танка дакладней, чым усякую супрацьтанкавую ракету. Акрамя таго, FPV-дроны могуць дабіць пашкоджаныя і закінутыя танкі, каб баявыя машыны было немагчыма аднавіць, выцягнуўшы з поля бою», - гаворыцца ў матэрыяле.
Вайсковыя эксперты, з якімі паразмаўляла выданне, адзначаюць, што гэты фактар «можа змяніць саму сутнасць сучаснай вайны».
Паводле інфармацыі аналітычнага сайта абароннай тэматыкі Oryx, які публікуе матэрыяльныя страты на аснове візуальных пацвярджэнняў і выведзвестак з адкрытых крыніц, за час поўнамаштабнага ўварвання РФ Украіна страціла 796 танкаў, 140 з якіх замежнай вытворчасці.