BE RU EN

«Няптунамі» і дронамі: як будзе працаваць план Буданава ў знішчэнні вайсковага патэнцыялу РФ

  • 21.04.2024, 21:46

Ёсць шмат аспектаў.

У ГУР Мінабароны распрацавалі план, накіраваны на скарачэнне расейскага вайсковага патэнцыялу, аб чым заявіў кіраўнік украінскай разведкі Кірыл Буданаў у гутарцы з амерыканскім журналістам. «Фокус» высветліў, чым і калі Украіна можа ўдарыць па вайсковай прамысловасці РФ.

У амерыканскім выданні Washington Post апублікавалі артыкул, напісаны пасля гутаркі з кіраўніком ГУР Мінабароны Украіны Кірылам Буданавым. Аўтар тэксту захапляецца кіраўніком разведкі, называючы яго «цёмным прынцам вайны», «чалавекам без усмешкі» і «самым яркім персанажам ваеннага тэатру».

Буданаў, у сваю чаргу, распавядае аб планаванні новых нападаў беспілотнікамі па тэрыторыі РФ, а таксама аб дзеяннях «расейскіх добраахвотнікаў» пры падтрымцы ўкраінскай разведкі. Галоўная цэль – паказаць расейцам, што прэзідэнт Пуцін не можа «абараніць насельніцтва ад пранікнення вайны ў Расею».

«Мы прапанавалі план, скіраваны на скарачэнне расейскага патэнцыялу. Ён ахоплівае мноства аспектаў, такіх як вайсковая прамысловасць, крытычна важныя вайсковыя аб'екты, іх аэрадромы, іх пункты кіравання», – цытуюць кіраўніка ўкраінскай разведкі ў выданні.

Акрамя планавання новых нападаў і ацэнкі дзеянняў Пуціна ў вайне, Буданаў асобную ўвагу надае кандыдату ў прэзідэнты на выбарах у ЗША Дональду Трампу. Ён падкрэслівае, што адчувае вялікую павагу да палітыка і захапляецца яго зацятасцю.

«У яго жыцці было дзевяць выпадкаў, калі ён паднімаўся на вяршыню, падаў на самае дно жыцця і зноў вяртаўся», – разважае Буданаў.

На пытанне журналіста, ці зможа Трамп, на думку кіраўніка ГУР, навязаць Украіне мірнае ўрэгуляванне вайны, той адказвае адназначна – «нават такі чалавек, як ён, не вырашыць гэтае пытанне за адзін дзень».

Амерыканцы павінны прывыкнуць

Кіраўнік украінскай разведкі Кірыл Буданаў выклікае цікавасць у заходняй аўдыторыі, уважае палітолаг Уладзімір Фясенка. Па гэтым чынніку выданне WP выяўляе да яго сімпатыю.

«Яму падабаецца роля шэрага кардынала вайны, Джэймса Бонда, у сваім родзе. Такія постаці заўсёды прыцягваюць увагу. Да таго ж у РФ падобных асоб няма. Ні Бортнікаў, ні Патрушаў не цягнуць. Такім чынам WP задавальняе цікавасць сваёй аўдыторыі, а Буданаў – фармулюе сваю пазіцыю. У прыватнасці, што тычыцца ўдараў па тэрыторыі РФ, трэба прывучаць амерыканцаў, што гэта наш спосаб вядзення вайны», – кажа Фокус экспэрт.

Са слоў палкоўніка УСУ ў запасе Алега Жданава, вайсковае кіраўніцтва краіны сапраўды працуе над агнявым складнікам плана разбурэння вайсковага расейскага патэнцыялу. І, мяркуючы па штодзённых анонсах, такія сродкі ёсць, пытанне толькі ў іх колькасці.

«Цалкам магчыма, што мы рыхтуем для ворага сюрпрызы, асіметрычныя адказы на ягоныя дзеянні на лініі фронту. У нас няма магчымасці правесці контрнаступальныя аперацыі, бо мы залежым ад заходніх партнёраў. Але наносіць удары па прадпрыемствах, складах, базах, арсеналах, цалкам можам. Для нападу па НПЗ дастаткова дронаў, здольных несці невялікую колькасць узрыўчаткі. Калі гаворка аб авіязаводах або заводах, дзе вырабляюць «Шахеды» – патрэбныя ракеты або дроны, здольныя несці 500-700 кг выбухоўкі. Такіх дронаў павінна быць 5-7 штук на адзін удар. Тады будзе адчувальны эфект», – разважае экспэрт у гутарцы з Фокус.

Хоць існуе негалосная забарона ад заходніх партнёраў на выкарыстанне іх зброі для нападу на тэрыторыі РФ, са слоў Жданава, ВПК Украіны можа справіцца ўласнымі сіламі.

«КБ «Луч», напрыклад, вядзе працу па павелічэнні далёкасці ракеты «Няптун» да 1000 км. Гэты праект назвалі «Далёкі Няптун». Дадамо сюды нашы дроны – ёсць тыя, якія могуць праляцець да 3 тысяч км. Таму пры жаданні для ўдараў па тэрыторыі РФ нам хопіць і ўласных рэсурсаў», – дадае экспэрт.

Іншае пытанне, як мінімізаваць рызыкі люстраных нападаў з боку РФ у адказ на дзеянні ўкраінскіх Сіл абароны. У інтэрвʼю Фокус спікер Паветраных сіл УСУ Ілля Еўлаш адзначаў, што акупанты даўно ўжываюць тактыку камбінаваных нападаў, каб выматаць украінскую СПА. І паколькі наша краіна не зʼяўляецца вытворцам такіх тыпаў сістэм як Patriot і іншых, у гэтым пытанні мы поўнасцю спадзяемся на партнёраў.

«Нам трэба больш розных тыпаў сродкаў СПА. Разам з тым, мы разгортваем мабільныя агнявыя групы, якія дапамагаюць супрацьстаяць выклікам з боку РФ, а таксама РЭБ – сучасная і эфектыўная тэхналогія – дазваляе эканоміць ракеты», – адзначаў Еўлаш.

Жданаў уважае, што дапамагчы з мінімізацый наступстваў расейскіх атак могуць краіны, гатовыя выкупіць дадатковыя СПА для Украіны.

«Бясплатна аддаць сродкі СПА, магчыма, шкада. Але калі Нідэрланды прапануюць іншым краінам за гэта грошы, то знойдзецца цэлы ж пул ахвочых прадаць комплексы. Грошы робяць сваю справу. Акрамя таго, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц ужо паабяцаў сем комплексаў СПА Украіне. Назбіраем больш – будзе нам толькі ў плюс», – разважае экспэрт.

Пасябраваць з Трампам

Варта адзначыць, што аўтара артыкула ў Washington Post здзівілі выказванні кіраўніка ГУР аб кандыдаце ў прэзідэнты ЗША Дональдзе Трампе. Кіраўнік украінскай разведкі адзначыў, што «адчувае вялікую павагу да асобы» палітыка, і высока ацэньвае яго зацятасць. Журналіст, які гутарыў з Буданавым, выказаў меркаванне, што, магчыма, той хітры разведчык, і ўжо набірае патэнцыйны актыў, на выпадак перамогі Трампа.

Фясенка адзначае, што выданне WP лічыцца блізкім да дэмакратаў, і паколькі Трамп – галоўны канкурэнт дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна на будучых выбарах, выказванні кіраўніка ГУР выклікаюць здзіўленне.

«Словы Буданава выходзяць за рамкі нашай палітыкі, таму што мы павінныя захоўваць нейтралітэт. Не трэба сімпатызаваць нікому, і тым больш умешвацца ў амерыканскія выбары. Думаю, Буданаву не хапіла палітычнага досведу, таму ён зрабіў такую заўвагу. Але калі гэта было спецыяльна – думаю, гэта памылка», – адзначае Фясенка.

Палітолаг Алег Пастарнак насупраць упэўнены, што задача прадстаўнікоў украінскай улады ўжо зараз знайсці падыход да Трампа на той выпадак, калі ён выйграе амерыканскія выбары. І зрабіць гэта раней, чым такія масты наладзіць Масква.

«У выпадку перамогі Трампа, сто працэнтнай перспектывы, што ЗША цалкам спыняць дапамогу Украіне, якая так неабходна, няма. І паколькі палітыкам уласціва мяняць свае рашэнні, і наша задача – наладзіць сяброўства з Трампам. Украінскі бок зараз не выпадкова шукае падыход да трампістаў, таму што гэта правільная стратэгія. Трамп прымае рашэнні, зыходзячы з асабістых адчуванняў. Ён шануе сяброўства з [прэмʼер-міністрам Вугоршчыны Віктарам] Орбанам, вернасць сваіх паплечнікаў. У выпадку перамогі, ён захоча здацца лепшым за Байдэна. І наша задача, каб у яго палітыку ўпісалася абарона Украіны, як мадэль, якая перасякаецца з інтарэсамі амерыканцаў», – кажа Фокус экспэрт.

Апошнія навіны