У Беларусі пачынаецца адпраўка навабранцаў у войска
- 22.04.2024, 11:24
Усяго плануецца адправіць у войска 10 тысяч чалавек.
У аўторак, 23 красавіка, пачынаецца адпраўка ў вайсковыя часці Узброеных сіл, унутраных войскаў МУС, органаў памежнай службы і дзяржаўнай бяспекі юнакоў, набраных на тэрміновую вайсковую службу, паведамляе Міністэрства абароны.
Набор на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве ў лютым — траўні 2024 года праводзіўся ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 12 лютага 2024 года.
На тэрміновую службу і ў рэзерв з лютага да траўня набралі беларусаў, якім споўнілася 18 гадоў і ў якіх няма адтэрміноўкі ад службы або яны яе страцілі.
Таксама ўказ прадугледжвае набор на службу ў рэзерве першакурснікаў з ВНУ аграрнага профілю, у якіх ёсць адтэрміноўка, але якія захацелі прайсці службу.
Таксама, акрамя набору на службу, у войску пройдзе звальненне ў запас вайскоўцаў, якія адслужылі ў войсках належныя тэрміны.
Са звестак ведамства, у першы дзень у войска накіруюць блізу тысячы навабранцаў. Яны папоўняць шэрагі Сіл спецыяльных аперацый, 72 Аб'яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў і Менскай вайсковай камендатуры.
Усяго на ўкамплектаванне Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаванняў у красавіку-траўні плануюць накіраваць блізу 10 тысяч чалавек.