Менчукі ператварылі старую аднапакаёўку ў стыльную студыю
- 24.04.2024, 22:40
Гэта што, праўда хрушчоўка?
Кватэра ў хрушчоўцы – гэта не прысуд. Дзякуючы разумным дызайнерскім ідэям яе можна ператварыць у цукерку. Свежы прыклад – 30-метровая студыя ў цэнтры Менска, на вуліцы Захарава. Выглядае яна так, нібы апынуўся ў новабудоўлі, а не ў пяціпавярхоўцы 1964 года. Узрост дома выдае толькі маленечкая кухня – яна засталася ад ранейшай планіроўкі, піша «Анлайнер».
Трапляючы ў кватэру, адразу зважаеш на дзёрзкі колер сценаў – яны тут сінія. Разводзяць іх бэжавыя шпалеры і тэкстура дрэва на падлозе – гэта кварцвініл.
Жыллё ўключае ў сябе пярэдні пакой і асобную кухню з рэтра-лядоўняй дзёрзкага адцення, філянговымі чорна-белымі фасадамі, прыгожай шкляной вітрынай і барнай стойкай замест прываконня (разумная ідэя, каб зэканоміць метры).
Асноўны пакой – гэта адначасова і гасцёўня з канапай і дызайнерскай свяцільняй, і спальня з мяккім падгалоўем ложка, і кампактны гардэроб, аддзелены ад агульнай прасторы драўлянымі рэйкамі.
Санвузел у аднадушцы сумешчаны.
Жыллё знаходзіцца недалёка ад парку Горкага і станцыі метро «Плошча Перамогі». Гаспадар хоча за яго $68 300 паводле курсу.