Ці можна захоўваць хлеб у лядоўні?
- 29.04.2024, 21:59
Адказ навукоўцаў.
Некаторыя карыстальнікі ў сетцы сцвярджаюць, што захоўванне хлеба ў маразілцы павышае ягоную карысць. Разбіраемся, як на парады абываталяў адказваюць навукоўцы і ці ўплывае замарожванне хлеба на ягоныя харчовыя ўласцівасці.
Новыя звесткі паказваюць, што тэмпература захоўвання хлеба наўпрост звязаная з біядаступнасцю крухмалу і ўзроўнем цукру ў крыві. Пры выпечцы крухмал пашыраецца і ператвараецца ў паўцвёрды гуль (гелефікуецца), які лягчэй засвойваецца арганізмам. Як вынік, глюкоза, якая ўтрымліваецца ў крухмале, становіцца больш даступнай для клетак.
З іншага боку, калі хлеб астуджаецца, гелефікаваныя крухмалы зноў памяншаюцца ў памерах і пераходзяць у цвёрды стан. Т. зв. устойлівыя крухмалы складаней раствараюцца стрававальнымі ферментамі, а клеткам складаней атрымаць доступ да глюкозы ў іх.
Такім чынам, захоўванне хлеба ў маразільнай камеры можа прадухіліць усплёскі цукру і інсуліну ў крыві – у доўгатэрміновай перспектыве гэта паменшыць верагоднасць разнастайных метабалічных парушэнняў, развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, атлусцення і многіх іншых хранічных захворванняў.
Вядома, не варта давіцца ледзянымі кавалкамі, якія толькі вонкава нагадваюць звычайны хлеб, сцвярджаюць навукоўцы: пасля маразілкі хлеб трэба размарозіць у мікрахвалевай печы, падсмажыць у тостары або на патэльні. Эксперыменты паказалі, што гэтыя маніпуляцыі знізілі павышэнне ўзроўню глюкозы сама меней на 25, а максімальны эфект (да 39%) дасягаўся пры замарозцы, размарозцы і наступным падсмажванні хлеба.
Характэрна, што некаторыя набытыя ў краме гатункі хлеба практычна ніяк не мянялі сваіх харчовых уласцівасцяў нават нягледзячы на перапады тэмпературы – гэты эфект навукоўцам толькі трэба будзе даследаваць у будучыні.