Магілёўка папрасіла Лукашэнку дапамагчы, а да яе прыйшла міліцыямилиция
- 3.04.2024, 9:21
Яна затрыманая.
Магілёўка апублікавала ў TikTok зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб дапамозе з-за «беззаконня міліцыі» пасля таго, як супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС затрымалі ейнага сына. Пра гэта паведамляе праваабарончы праект MAYDAY.TEAM.
30 сакавіка жанчына размясціла на сваёй старонцы відэа, у якім расказала, што яе сына затрымалі за тое, што ён здымаў на відэа пратэрмінаваныя тавары ў розных крамах і публікаваў на сваім YouTube-канале.
Яна ў сваім звароце папрасіла Лукашэнку разабрацца з «беззаконнем міліцыі» і заявіла, што «гэта не адзіны выпадак, які павінен звярнуць увагу».
Аднак на зварот адрэагаваў не Лукашэнка, а сілавікі: 1 сакавіка яны апублікавалі ў адным са сваіх тэлеграм-каналаў «пакаяннае» відэа сына жанчыны, дзе той «прызнаецца» ў тым, што ён нібыта «пераслаў экстрэмісцкія матэрыялы з забароненага тэлеграм-канала». Акрамя таго, у тэксце сілавікі сказалі «не енчыць і не смярдзець», магчыма, звяртаючыся да Людмілы.
Яе відэа ў TikTok ужо выдаленае. Сілавікі «пачысцілі» таксама Youtube-канал ейнага сына. Са звестак праваабаронцаў, у раскладзе судоў яго адміністрацыйная справа не з'яўлялася.