Рэкордныя ўдары па РФ: ці мяняюць украінскія дроны стратэгію вайны
- 3.04.2024, 16:01
Новыя БПЛА дазваляюць біць па аб'ектах, якія знаходзяцца больш за 1200-1300 кіламетраў ад украінскай мяжы.
У аўторак, 2 красавіка, украінскія беспілотнікі ўпершыню даляцелі да расейскай рэспублікі Татарстан і атакавалі цэлі ў горадзе Ніжнякамску і асаблівай эканамічнай зоне Алабуга2 у горадзе Елабузе. Адзін дальнабойны дрон трапіў ва ўстаноўку першаснай перапрацоўкі нафты завода ТАНЕКА ў Ніжнякамску, пасля чаго там узнік пажар.
Другі ж БПЛА нанёс удар па інтэрнаце, дзе студэнты адукацыйнага цэнтра «Алабуга палітэх» збіралі беспілотнікі «Шахед». Пашкоджанні атрымаў комплекс з васьмі хостэлаў. Чым быў нанесены ўдар, хто яго арганізаваў і ці можа ў сувязі з гэтым змяніцца стратэгія вайны, паведамляе «Апостроф».
Хто і чым?
Удар па аб'ектах у Татарстане стаў самым далёкім для дронаў з пачатку поўнамаштабнай вайны. Калі беспілотнікі прыляцелі з Украіны, то зараз зона паражэння аб'ектаў у РФ павялічылася да больш чым 1200 кіламетраў. Менавіта такая адлегласць ад мяжы Украіны да Ніжнякамска.
Пазней з'явілася інфармацыя, што напад на аб'екты ў Татарстане - вынік супольнай спецаперацыі ўкраінскай выведкі і Службы бяспекі Украіны. Аднак самі спецслужбы афіцыйна гэта не каментавалі.
Паводле інфармацыі ўкраінскага вайсковага партала Defence Express, у гэтым выпадку гаворка ідзе аб дронах, якія больш адпавядаюць памерам самалётаў малой авіяцыі, такім як Cessna 172, які мае далёкасць палёту пад 1300 км і здольны несці 376 кг вагі. У гіпатэтычнай версіі БПЛА - абодва параметры большыя, бо можна зняць некаторае залішняе абсталяванне. Гэта значыць, можна абсталяваць такі дрон значна больш магутнай баявой часткай, якая прывядзе да яшчэ большых наступстваў у выніку паразы.
Дзіравая СПА
- Расея не можа цалкам забяспечыць сваю тэрыторыю эфектыўнай эшаланаванай сістэмай СПА, – кажа вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка, – нейкія аб'екты ў іх, вядома, прыкрытыя, але агулам, як я казаў не раз, СПА ў іх дзіравая.
«Сродкаў СПА Расеі бракуе, бо «Панцыры», «Торы», разам з «Букамі», комплексамі тыпу С300, С400 – альбо закідваюць ракетамі Харкаў, альбо Белгарад абстрэльваюць, альбо непасрэдна на фронце», – пацвердзіў эксперт па ўзбраеннях Алег Каткоў.
І, дарэчы, калі ўзяць пад увагу, што Татарстан атакавалі апараты тыпу Cessna, то можна ўспомніць выпадак з гісторыі, як 28 траўня 1987 года, у дзень памежных войскаў СССР нямецкі пілот-аматар Матыяс Руст на такім жа самалёце пераляцеў з Гамбурга праз Рэйк'явік і Хельсінкі ў Маскву, прызямліўшыся на Вялікім Маскварэцкім мосце, бесперашкодна праляцеўшы больш за тысячу кіламетраў. Савецкая СПА тады таксама не спрацавала.
На думку Аляксандра Каваленкі, зараз адбываецца эвалюцыя ўкраінскіх БПЛА.
Што далей?
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што цяпер вялізная колькасць аб'ектаў у Расеі, якія могуць быць цікавыя для знішчэння - безабаронныя.
- Будзе павялічвацца радыус, будзе павялічвацца галіновы кампанент гэтых аб'ектаў. Акрамя нафтаперапрацоўчых заводаў ёсць яшчэ газакандэнсатныя, прадпрыемствы звязаныя з экспартам газу. Не забываемся таксама пра вялікую колькасць аб'ектаў ВПК, - пералічвае Каваленка, - у зоне паражэння могуць быць і цікавыя аэрадромы ў Расеі, і, хоць яны абаронены сродкамі СПА, іх, як паказваюць падзеі, можна абыходзіць.
А вось істотна паўплываць на стратэгію вайны такія БПЛА, на думку экспертаў, не змогуць.
«Гэтыя напады БПЛА не могуць змяніць стратэгію. Нашы ўдары БПЛА не маюць такіх разбуральных маштабаў як, напрыклад, разбурэнне расейцамі ДнепраГЭС. У гэтым стаўленні «Storm Shadow» эфектыўней. Але, у псіхалагічным плане для расейцаў гэтыя ўдары балючыя. Ім даводзіцца ставіць на рамонт гэтыя аб'екты, марнаваць дадатковыя сродкі на аднаўленне і губляць грошы. Гэта таксама важна», - адзначыў у каментары вайсковы эксперт Міхаіл Жырохаў.
- Стратэгія вайны не зменіцца, бо ўдары па тылавых аб'ектах РФ і з'яўляюцца адным з элементаў гэтай стратэгіі, - мяркуе Аляксандр Каваленка.
- Трэба ўдары нашых БПЛА маштабаваць і ўзмацняць, тады будзе эфект, - адзначае Жырохаў.
А паліттэхнолаг Аляксей Галабуцкі бачыць у гэтым палітычны складнік.
- Пакуль Амерыка не вызначылася са сваімі замежнапалітычнымі абавязацельствамі і іх фарматам, Украіна будзе далей у адзіночку знішчаць вайсковую эканоміку ворага. Найбліжэйшым часам, улічваючы з'яўленне яшчэ больш дальнабойных дронаў, пералік законных цэляў для спецаперацый СБУ і ГУР пашырыцца, - адзначыў Аляксей Галабуцкі.