У Беларусі ўдвая выраслі продажы новых аўто
- 7.04.2024, 21:40
Дапамагло павышэнне ўтылізацыйнага збору.
Адносна першага квартала мінулага года рынак новых аўто ў Беларусі вырас на 131 працэнт, а паказчык продажаў мінулага месяца ў 2,3 раза перавышае аналагічнае значэнне сакавіка 2023 года. Такія звесткі пазначаны ў свежай справаздачы Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА).
Сукупны паказчык продажаў новых аўтамабіляў у першым квартале 2024 года склаў 8252 адзінкі, з якіх на легкавыя аўто прыйшлося 7613 штук, на камерцыйныя – 639. За сакавік новых аўто рэалізавана 3460 экзэмпляраў, з іх легкавых машын – 3205.
- Продажы новых аўтамабіляў за першыя тры месяцы сёлета паказалі высокія вынікі. Дадатковым фактарам росту больш чым удвая ў параўнанні з мінулым годам сталі ўведзеныя з 1 красавіка 2024 года змены ў вылічэнні ўтылізацыйнага збору на аўтамабілі, якія ўвозяцца ў Беларусь. Верагоднасць істотнага падаражэння аўтамабіля за кошт павелічэння ўтылізацыйнага збору на новыя аўто з'явілася стымулам для спажыўцоў, якія планавалі куплю аўтамабіля і вырашылі гэтае пытанне да ўваходжанне ў дзеянне новых правілаў, – адзначыў сябра праўлення БАА Андрэй Ткачоў.
За апошні год аўтамабільны рынак зведаў істотныя змены. Намецілася тэндэнцыя росту долі продажаў электрамабіляў, якая паводле вынікаў сакавіка склала 5,4 працэнта ад усіх рэалізаваных легкавых аўто (па выніках мінулага года аналагічны паказчык быў роўны 1,9 працэнта).
Зыходзячы з тэндэнцый, якія намеціліся на рынку, і з улікам таго, што не адбудзецца істотных негатыўных змен, БАА пацвярджае раней агучаны прагноз і мяркуе: у 2024 годзе рынак дасягне (і, магчыма, перавысіць) 35000 рэалізаваных новых аўтамабіляў.