У ЗША памёр рэжысёр і прадзюсар Роджэр Корман
- 12.05.2024, 18:14
Ён адкрыў свету Копалу, Скарсэзэ і «Санта-Барбару».
Амерыканскі рэжысёр і прадзюсар Роджэр Корман памёр у ЗША на 99 годзе жыцця. Здымаючы малабюджэтныя фільмы катэгорыі B, Корман праславіўся як чалавек, які адкрыў свету Марціна Скарсэзэ і Джэка Нікалсана, а амерыканскаму рынку – фільмы еўрапейскіх рэжысёраў. Ягоная кампанія спрадзюсавала папулярны ў Расеі ў 1990-я тэлесерыял «Санта-Барбара».
У 1960-я Кормана называлі ў ЗША каралём драйв-інаў – кінатэатраў пад адкрытым небам з нізкабюджэтнымі фільмамі. Ён зняў 56 карцінаў, у асноўным хорараў, самыя вядомыя з якіх – «Крама жахаў» (1960), «Падзенне дома Ашэраў» (1960), «Дзікія анёлы» (1966) і «Крывавы кулак» (1989).
У фільмах Кормана дэбютавалі на вялікім экране або выканалі адны з першых прыкметных роляў Пітэр Фонда, Джэк Нікалсан, Роберт дэ Ніра, Сільвестр Сталонэ, Дэніс Хопер. Ягоныя асістэнты Фрэнсіс Форд Копала і Марцін Скарсэзэ пазней сталі знакамітымі рэжысёрамі.
Корман спрадусаваў блізу 500 фільмаў, і выканаў эпізадычныя ролі ў 46 карцінах, у тым ліку ў «Хросным бацьку 2» і «Маўчанні ягнятаў». Акрамя таго, ён вывеў на амерыканскі рынак фільмы Інгмара Бергмана, Федэрыка Феліні і Акіры Курасавы.
У разгар халоднай вайны Корман прывозіў на амерыканскі рынак савецкую кінафантастыку і адаптаваў яе для амерыканскага гледача. Так была паказана, сярод іншага, «Планета бураў» (1961). У 2009 годзе рэжысёр атрымаў прэмію «Оскар» за ўклад у кінаіндустрыю.
Корман памёр 9 траўня ў сваім доме ў Санта-Моніцы ў асяроддзі сям'і, паведамляе Variety. Паведамленне пра ягоную смерць было разасланае толькі 12 траўня паводле еўрапейскага часу.