Прысуд Пуціну
- ТЭЛЕГРАМ-КАНАЛ «СЕРПОМПО»
- 19.05.2024, 12:20
Пытанне толькі ў тым, хто, як і калі «прыб'е шчыт да Спаскай брамы».
Ужо нават Z-этнікі рэгулярна крытыкуюць крамлёўскіх старцаў, паказваючы бесперспектыўнасць іх палітыкі затыкання і ўдушэння ўсякай праўды.
Цікавае «віншавальнае» відэа да Дня Перамогі выйшла на ватным канале «Царьград», які належыць праваслаўнаму імперцу і прыхільніку «Рускага свету», мільярдэру Канстанціну Малафееву.
У перадачы прыводзяцца афіцыйныя звесткі Расстата, паводле якіх змяншэнне насельніцтва РФ дасягнула рэкордных паказчыкаў у яе найноўшай гісторыі. Колькасць памерлых расейцаў за першыя два месяцы 2024 года перавысіла колькасць народжаных у 1,6 раза.
«Фатальны працэс набраў максімальныя абароты на спрадвечна расейскіх тэрыторыях», - бядуе вядоўца. Ва Уладзімірскай вобласці за 2023 год нараджальнасць ніжэйшая за смяротнасць у 2,9 разы. У Пскоўскай і Смаленскай абласцях – у 3,1 разы. У антырэйтынгу вымірання таксама Арлоўская, Наўгародская, Цвярская вобласці.
Агулам у РФ - у 61 рэгіёне смяротнасць перавысіла нараджальнасць у 1,7 разоў.
Рост нараджальнасці зафіксаваны толькі ў дзявяці суб'ектах! Ды і тое, абураецца «расейскі патрыёт», гэта Паўночны Каўказ, тры сібірскія нафтаздабыўныя рэгіёны, Якуція, Тува.
Ну, а Масква з Пецярбургам, маўляў, прырастаюць у асноўным за кошт мігрантаў. Эх, Z-патрыёты, гэта вы яшчэ не бачылі вызвалены вамі ад украінскіх жыхароў Марыупаль. Там кажуць, што мігрантаў ужо завезлі столькі, што неўзабаве можна будзе пераназываць у Марыінбад.
А краіну, мяркуючы з настрояў «Царьграда», у Расейскія Выміраты:
«Мінулыя гады - гэта гады вымірання Расеі».
Стоп, таварышы турба-патрыёты. Як жа так? Нам усе гэтыя гады казалі, што гэта час росквіту краіны пад кіраўніцтвам вялікага Пуціна, які «падняў яе з каленяў» і «паказаў Захаду».
Але вядоўца Z-канала працягвае спрачацца з галоўным прапагандысцкім наратывам, прыводзячы лічбы замест слоў.
Паводле звестак АЭСР, 2/3 насельніцтва РФ належыць да бедных і маламаёмасных. А палова моладзі ад 18 да 24 гадоў хацела б эміграваць з «пуцінскага раю».
«Беднасць, безнадзейнасць, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, зламаныя сацыяльныя ліфты, вялізныя пазыкі перад ліхвярамі, якія дасягнулі рэкорднай адзнакі 36 трлн руб»
Ну дык, а чым вы незадаволеныя? «Вялікі геапалітык» жа прапанаваў вам ліфт на СВА, дзякуючы якому можна зарабіць нябачаныя ў правінцыі грошы, ну ці ж забяспечыць сям'ю «белай Ладай». Атрымаць узнагароды і льготы, месцы ў цэнтрах рэабілітацыі і пратэзавання, і ўвогуле стаць прадстаўніком «новай эліты».
Усім жа вядома, што такія мерапрыемствы, як «ваенная спецаперацыя», якая ўжо трэці год «ідзе строга паводле плану», лепш за ўсё спрыяюць не толькі росту прыбыткаў насельніцтва, развіццю эканомікі і бізнэсу, падвышэнню ўпэўненасці людзей у траплянні ў рай заўтрашнім днём, але і залагоджванні дэмаграфічных праблем краіны!
Але пра гэта «Царьград» чамусьці нічога не сказаў. Пры звычайнай адсутнасці ў ватных галовах прычынна-выніковых сувязяў, «квасныя патрыёты» не бачаць іншага выйсця, як мацаваць скрэпы:
«Сілы і ўпэўненасць трэба браць у сям'і. Будуць дзеці - будзе і дабрабыт».
Каб што? Каб потым вашыя дзеці марылі альбо з'ехаць з краіны, альбо пайшлі на чарговую СВА, імавернасць якой гарантаваная за такой сістэмай?
Як бы там ні было, канстатуем: сёння ўжо нават афіцыйныя лічбы, прыведзеныя ў эфіры «патрыятычнага тэлеканала», гучаць як прысуд «піцерскай брыгадзе» і створанай за чвэрць стагоддзя мафіёзнай сістэме, у якой у звычайнага чалавека і яго дзяцей няма і не будзе шанцаў на нармальнае жыццё.
І нават калі забараніць Расстат і пасадзіць не толькі ўсіх апанентаў вайны, хлусні і крадзяжу, але нават усіх яе тупаватых, але не да канца аслеплых z-прыхільнікаў, вас гэта не выратуе. Вы ведзяце краіну туды, куды ўжо ўсе бачаць і ніхто не хоча - у прорву.
І не варта цешыць сябе ліслівымі прызнаннямі на свой адрас у правільнасці шляху. Калі яны зыходзяць ад цынічных і замазаных атрымальнікаў «трыццаці срэбранікаў». Або ад запудраных прапагандай і прасякнутых страхам, забітых атрымальнікаў «дробак з панскага стала».
Прысуд вам ужо вынесены - яшчэ не Гаагай, але ўжо Царьградам. Пытанне толькі ў нюансах - хто, як і калі «прыб'е шчыт да Спаскай брамы».
Тэлеграм-канал «СерпомПо»