Польшча хоча крэдыт $130 мільёнаў на будаўніцтва еўрапейскага «жалезнага купала»
- 19.05.2024, 11:07
У панядзелак пройдуць перамовы Туска з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча плануе атрымаць ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка крэдыт на 0,5 млрд злотых (амаль 130 млн даляраў) на будаўніцтва спадарожнікавага кампанента еўрапейскага «жалезнага купала».
Пра гэта паведамляе «Укрінфарм».
Са слоў Туска, досвед Украіны і Ізраіля кажа, што адна краіна не можа самастойна гарантаваць бяспеку сваёй паветранай прасторы. Таму гаворка ідзе пра «жалезны купал» над цэлым кантынентам.
Польскі прэм'ер паведаміў, што Варшава прыняла пастанову аб будаўніцтве спадарожнікавага кампанента ў рамках гэтай праграмы.
У панядзелак пройдуць перамовы Туска з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Ён спадзяецца, што зможа праінфармаваць аб паспяховым заканчэнні працэсу атрымання крэдыту.
Нагадаем, у канцы сакавіка генеральны дырэктар найбуйнейшага ў Еўропе вытворцы боепрыпасаў Rheinmetall заявіў, што лідарам ЕЗ варта разгледзець магчымасць усталявання сістэм СПА малой далёкасці, падобных ізраільскаму «Жалезнаму купалу».
У красавіку Туск абмеркаваў гэтую магчымасць падчас сустрэчы з дацкай калегай Мэтэ Фрэдэрыксэн.