Штучны інтэлект і беспрацоўе
- 19.05.2024, 11:21
Ураду Ізраілю параілі тэрмінова рыхтавацца да глабальных перамен.
Кнэсету (парламент Ізраіля - рэд.) пададзеныя звесткі, паводле якіх кампутарызацыя і ўсё больш актыўнае выкарыстанне алгарытмаў штучнага інтэлекту (ШІ) у найбліжэйшай будучыні кардынальна зменіць ізраільскі рынак працы. Ураду варта тэрмінова рыхтавацца да будучых перамен, пішуць «Детали».
«Мы напярэдадні глабальных перамен, - заявіў намеснік старшыні секцыі работнікаў галіны высокіх тэхналогій у Гістадрутэ Екі Халуці. - Сістэмы штучнага інтэлекту зменяць не толькі вытворчыя працэсы, але і метады кіравання работнікамі. Той, хто распрацоўвае алгарытмы ШІ, у канчатковым рахунку вызначае і новую культуру кіравання».
Са слоў Халуці, Гістадрутэ разам з партнёрскімі прафзвязамі ва ўсім свеце займаецца гэтым пытаннем і разглядае супрацоўніцтва з працадаўцамі і дзяржавай як цэнтральны інструмент паскарэння і падрыхтоўкі да непазбежных перамен.
Даніэль Шрайбер, заснавальнік амерыканскай страхавой кампаніі Lemonade, растлумачыў: «Хуткасць прагрэсу, якую мы назіраем у вобласці штучнага інтэлекту, не саступае хуткасці ніводнай з тэхналагічных рэвалюцый мінулага. Пры такіх тэмпах ШІ неўзабаве закране практычна ўсе прафесіі. У нашай кампаніі, напрыклад, 98% усіх страхавых полісаў прадаюцца ботамі».
Шрайбер дадаў: «Не існуе працадаўцы, які не заменіць працаўніка машынай, калі будзе здольны на гэта. Урад Ізраіля павінен падрыхтавацца да структурнага беспрацоўя, якое стала расце. Калі ўрад не адрэагуе на змены, якія адбываюцца, Ізраіль абрынецца ў эканамічную прорву».
Доктар Іфат Сітраен, намеснік гендырэктара міністэрства працы адзначыла: «Рынак працы пасля першапачатковага шоку, выкліканага вайной, аднавіўся, і ўзровень беспрацоўя ў Ізраілі адносна нізкі нават у параўнанні з іншымі краінамі. Аднак існуюць асцярогі ў тым, што новыя тэхналогіі ўскладняць сітуацыю ў галінах з падвышанымі прапорцыямі што да паджылых работнікаў, такіх як прамысловасць, ахова здароўя і пошта. У такіх галінах ажыццявіць змены будзе асабліва цяжка».