У Мексіцы на перадвыбарчым мітынгу абрынулася сцэна з кандыдатам у прэзідэнты
- 23.05.2024, 11:09
Дзевяць чалавек загінулі, дзясяткі параненыя.
У Мексіцы падчас перадвыбарчага мітынгу абрынулася сцэна з людзьмі. У выніку здарэння загінулі 9 чалавек, яшчэ дзясяткі атрымалі раненні.
Прычынай інцыдэнту называюць моцны штармавы вецер. Аб гэтым паведамляе выданне The Washington Post.
Паводле інфармацыі мясцовых улад, 60 чалавек атрымалі раненні пасля падзення сцэны. Праз моцны вецер металічная канструкцыя абрынулася на зямлю, а ўдзельнікі мітынгу ў паніцы разбегліся.
Губернатар штата Нуэва-Леон Сэмюэль Гарсія расказаў, што дзевяць чалавек загінулі і не менш як 60 атрымалі раненні ў выніку інцыдэнту ў Сан-Пэдра-Гарса-Гарсія. Акрамя таго, мясцовыя СМІ адзначылі, што сярод загінулых 11-гадовы хлопчык, якога прыціснула металічнымі канструкцыямі.
Кандыдаты ад «Руху Сьюдадано», трэцяй па велічыні партыі Мексікі, стаялі на сцэне, размахвалі рукамі і скандавалі імя свайго кандыдата ў прэзідэнты Хорхе Альварэса Майнэса. У адзін момант некаторыя з іх раптоўна развярнуліся і ўбачылі, што гіганцкі экран пачаў падаць.
Кандыдат у прэзідэнты і іншыя палітыкі ўцякалі і падалі ў пошуках сховішча. Сам Альварэс Майнэс, які займае трэцяе месца ў апытаннях напярэдадні выбараў 2 чэрвеня, не пацярпеў.
Варта адзначыць, што Альварэс Майнэс пасля катастрофы абвясціў, што касуе сваю перадвыбарчую дзейнасць. Іншы кандыдат у прэзідэнты Клаўдыя Шэйнбаўм абвясціла, што скасуе мітынг, які яна запланавала ў Мантэрэі.