Daily Mail: 292 самалёта Boeing рызыкуюць падарвацца ў паветры
- 23.05.2024, 18:01
Падрабязнасці.
У 292 самалётаў Boeing амерыканскіх авіякампаній United Airlines і American Airlines ёсць патэнцыйная няспраўнасць, якая можа прывесці да выбуху ў паветры, паведаміў Daily Mail са спасылкай на пісьмовае апавяшчэнне Федэральнай управы цывільнай авіяцыі (FAA) ЗША.
«Выяўлены дэфект сведчыць, што яшчэ амаль 300 Boeing могуць быць пад пагрозай», – сказана ў апавяшчэнні.
Гаворка ідзе аб няспраўнасці адной з сістэм бяспекі на Boeing 777: з-за няправільнай усталёўкі прылады для рассейвання статычнай электрычнасці ў крыле самалёта можа ўтварыцца высакавольтны разрад, здольны знішчыць змешчаныя побач элементы канструкцыі, уключаючы паліўны бак. Гэта можа прывесці да ўзгарання і выбуху бакаў у крыле машыны.
У FAA падлічылі, што для ліквідацыі гэтага дэфекту ва ўсіх 292 лайнераў Boeing 777 спатрэбіцца менш як $698 тысяч. Для параўнання, рыначная капіталізацыя кампаніі на 23 траўня складае $114,35 млрд.
FAA паведаміла аб праблеме яшчэ ў сакавіку і запатрабавала, каб у Boeing адказалі да 9 траўня, але пакуль не вядома, ці зрабіла гэта кампанія, паведамілі ў Daily Mail.
Прадстаўнік Boeing заявіў, што апавяшчэнне FAA было часткай «стандартнага працэсу рэгулявання, які дапамог гарантаваць, што авіяпералёты - самы бяспечны від транспарту. Гэта не служыць непасрэднай праблемай бяспекі палётаў».
У авіябудаўнічай кампаніі адзначылі, што парк Boeing 777 эксплуатуецца амаль 30 гадоў і гарантаваныя бяспечныя перавозкі больш за 3,9 млн пасажыраў. «У сучасных камерцыйных самалётах прадугледжанае шматразовае рэзерваванне для забеспячэння абароны ад электрамагнітных уздзеянняў», – удакладнілі ў Boeing.