BE RU EN

Беларуска з Гомеля паказала «жывы дыван» з кузурак

  • 24.05.2024, 10:37

Шакавальныя кадры.

У гэтым годзе на поўдні Беларусі заедзь актыўная як ніколі: колькасць ролікаў у TikTok з дробнымі крывасмокамі не дасць схлусіць. Але кадры, якія паказала сёння карыстальніца на імені Наталля, прывялі ў шок нават звыклых да заедзі гомельцаў.

Дзяўчына апублікавала тры паслядоўныя відэа. На першым яна паказвае пакой з "жывымі дыванамі" з кузурак. Воклічы здзіўлення на фоне даюць зразумець, што да такога павароту ніхто з удзельнікаў не быў готаў.

Каментатары таксама ў шоку: "Адкуль іх столькі?", "Падобна да канца свету", "Жывыя шпалеры 6D", "Як яны да вас патрапілі?". Наталля ўдакладняе, што ўсяго толькі пакінула акно без сеткі на праветрыванне.

Гэта быў апошні дзень для войска кузурак у гэтым памяшканні. "Раніцай мяне чакала брацкая магіла" - так падпісала наступны ролік Наталля і паказала працэс прыборкі (для гэтага ёй нават давялося надзець медыцынскую маску). “Яны храбусцяць”, “яны смярдзяць”, - дзеліцца нечаканымі адкрыццямі гомелька. Майце на ўвазе, калі ўсё яшчэ не паставілі на вокны маскітную сетку.

Засталося незразумелым, адкуль у адным памяшканні ўзялася такая колькасць кузурак? Пытанні задаюць нават гомельцы, якія звыклі да нашэсця кузурак ў гэту паравіну года.

Мясцовыя энтамолагі тлумачаць, што сёлета кузуркі асабліва актыўныя з-за працяглай вясновай паводкі і вялікай колькасці хуткіх рэк у рэгіёне. Пры гэтым пакутаваць засталося нядоўга. Травень - самы актыўны месяц для крывасмокаў. Ужо ў першай дэкадзе чэрвеня іх актыўнасць пойдзе на спад, паколькі жыве заедзь усяго месяц.

Пасля прыборкі ў Наталлі атрымалася поўнае вядзерца кузурак. Асабліва саркастычна настроеныя карыстальнікі прапануюць не выкідваць каштоўны бялковы прадукт і выкарыстоўваць на катлеты.

Апошнія навіны