Удзельнікі «Бі-2» атрымалі грамадзянства Малдовы
- 27.05.2024, 18:05
Указ аб наданні грамадзянства падпісала прэзідэнтка Малдовы.
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду падпісала ўказ аб наданні грамадзянства ўдзельнікам «Бі-2». Пашпарты атрымалі ў тым ліку бас-гітарыст Максім Андрушчанка і мэнэджар калектыву Аляксей Леўчанка, а таксама іх сямейнікі, вынікае з дакумента.
Асноўных удзельнікаў гурта, Шуры (Аляксандр Уман) і Лёвы (Ягор Бортнік) у спісе няма.
Астатнія ўдзельнікі гурта падалі дакументы на атрыманне пашпарта Малдовы ў красавіку.
«Бі-2» — рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і нязменныя ўдзельнікі - Шура Бі-2 (гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (асноўны вакал). У 2023 годзе ўдзельнікі гурта эмігравалі ў Ізраіль. 25 студзеня 2024 года гурт Бі-2 у поўным складзе затрымала паліцыя Тайланда. Расейскі консул настойліва патрабаваў выдачы ўдзельнікаў ансамбля ў Расею. Дзякуючы ўмяшанню міжнародных сіл удалося не дапусціць іх выдачы.