WP: Байдэн прымусіў Сі Цзіньпіня перадумаць наконт паставак зброі РФ
- 29.05.2024, 9:21
Прэзідэнт ЗША патэлефанаваў з папярэджаннем.
У пачатку поўнамаштабнай вайны лідар Кітая Сі Цзіньпінь быў гатовы надаць Расеі вайсковую дапамогу, але прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прымусіў яго перадумаць.
Пра гэта ў калонцы для The Washington Post напісаў палітычны аглядальнік Дэвід Ігнейшс, спасылаючыся на свае крыніцы. З яго слоў, менш як праз тры тыдні пасля ўварвання РФ ва Украіну Кітай пачаў публічна заклікаць да міру, аднак Масква папрасіла Пекін аб зброі.
«Яны [кітайцы] ужо былі гатовыя да паставак, калі Байдэн патэлефанаваў Сі з папярэджаннем: ЗША адрэагуюць, калі даведаюцца, што Кітай перадае Расеі зброю», - напісаў Ігнейшс.
Неназваныя суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, адзначылі, што хаця лідара КНР і абурыў званок амерыканскага прэзідэнта, ён пастанавіў устрымлівацца ад прамых паставак зброі Расеі.
У той жа час амерыканскія афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што Сі даручыў былому віцэ-прэм'еру Лю Хэ і аднаму з самых давераных перамоўнікаў кітайскага лідара з Захадам, сачыць за прыхаванай дапамогай, якую Кітай надае Расеі.