Пуцін прызначыў былога ахоўніка сакратаром Дзяржсавета
- 29.05.2024, 10:14
Ён нефармальна падтрымліваў Прыгожына ў канфлікце з Мінабароны РФ.
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызначэнні свайго памочніка Аляксея Дзюміна сакратаром Дзяржсавета.
«Прызначыць сакратаром Дзяржаўнага савета Расейскай Федэрацыі памочніка прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Дзюміна А. Г.», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Крамля.
Раней гэтую пасаду займаў памочнік прэзідэнта Ігар Лявіцін. У новым складзе адміністрацыі, які Пуцін зацвердзіў 14 траўня пасля ўступлення на пяты прэзідэнцкі тэрмін, Лявіцін быў прызначаны дарадцам і адначасова спецпрадстаўніком прэзідэнта ў міжнародным супрацоўніцтве ў галіне транспарту.
У сваю чаргу Дзюміна, які з 2016 года ўзначальваў Тульскую вобласць, Пуцін прызначыў сваім памочнікам. На новай пасадзе яму даручылі курыраваць абаронна-прамысловы комплекс, а таксама займацца пытаннямі спорту і Дзяржсавета.
Да 2016 года Дзюмін працаваў ва ўправе службы бяспекі прэзідэнта, камандаваў сіламі спецыяльных аперацый УС Расеі і займаў пасаду намесніка начальніка Галоўнай управы Генштаба. Дзюмін нефармальна падтрымліваў заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына ў яго канфлікце з Мінабароны РФ і падчас ваеннага мяцяжу ў чэрвені 2023 года вёў перамовы з верхаводам наймітаў.