BE RU EN

«З Лукашэнкам трэба размаўляць на мове Маргарэт Тэтчэр»

  • 29.05.2024, 14:08

Еўропа можа прымусіць цярпець страты беларускі рэжым, Кітай і Расею.

Яшчэ да заканчэння сёлетні травень стаў рэкордным з пачатку міграцыйнага крызісу месяцам у актыўнасці іншаземцаў, якія імкнуцца незаконна перасекчы мяжу Еўразвязу з боку Беларусі. З чым звязана гэтая эскалацыя?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з палітолагам Дзмітрыем Балкунцом:

- Думаю, што тут ёсць некалькі прычын. Адна з іх - тэставанне з боку рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна вонкавай мяжы Еўразвязу. Яны спрабуюць паглядзець рэакцыю. Па-другое - гэта помста з боку Лукашэнкі за палітыку Варшавы і ЕЗ, бо яго ніхто не прызнае. Па-трэцяе, пасля парламенцкіх выбараў у Польшчы, якія прайшлі восенню 2023 года, Лукашэнка разлічваў, што з ім нехта пачне дыялог. Не дачакаўшыся гэтага, ён надумаў падвысіць стаўкі ў гульні, спадзеючыся, што яму хто-небудзь патэлефануе і прапануе нейкую ўгоду. Мяркую, што гэта асноўныя прычыны.

Відавочна, што гэты міграцыйны крызіс - штучны. Асноўную ролю ў ім адыгрывае Крэмль. Бо Пуціну выгадна, каб сітуацыя на мяжы адцягнула Еўропу ад вайны ва Украіне.

У гэтай сітуацыі, як мне бачыцца, Польшча і ЕЗ маюць моцныя магчымасці, каб прымусіць Лукашэнку спыніць цырк і гібрыдныя правакацыі. Гэта ўсё вызначаецца простым і эфектыўным механізмам, для якога ў польскага ўраду павінны быць палітычныя намеры.

Я маю на ўвазе часовае прыпыненне ўсіх грузавых цягнікоў і фур, якія рухаюцца з Беларусі ў ЕЗ. Тыя выдаткі, якія панясуць еўрапейскія кампаніі, - мізэрныя. Вельмі вялікія страты панясе менавіта Лукашэнка, Кітай і Расея. Для рэалізацыі гэтай стратэгіі Еўропа мусіць мець цвёрдую волю. Гэтым інструментам можна дабіцца вызвалення абсалютна ўсіх палітвязняў.

Учора група актывістаў перадала прэм'ер-міністру і міністру замежных спраў Польшчы, праз амбасады — прэзідэнту Францыі і канцлеру Нямеччыны, заклік выставіць Лукашэнку ультыматум. Таксама былі сабраныя подпісы нобэлеўскіх лаўрэатаў у падтрымку гэтай ініцыятывы. Гэта адзіная мера, якая можа прымусіць Лукашэнку спыніць рабіць тое, што ён робіць.

- Нелегалы перайшлі да нападаў. Нажом быў паранены польскі памежнік. У Польшчы гавораць аб дыверсіях і падпалах, у якіх удзельнічаюць беларусы. Якая роля рэжыму Лукашэнкі ва ўсім гэтым?

- Калі ёсць довады, што за падпаламі стаяць беларускія спецслужбы і расейскі рэжым, то гэта спланаваныя акцыі дэстабілізацыі сітуацыі ў гэтых краінах - расхістаць палітычную і сацыяльную сітуацыю, і гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль ва ўладзе будуць знаходзіцца маньякі. З імі нельга размаўляць на мове дыпламатыі.

Калі Лукашэнка дастаў дубінку - яму трэба даць па галаве. Аднак патрэбная палітычная воля з боку еўрапейскіх краін. Мне падаецца, што цывілізаваны свет, Еўрапейскі звяз, не можа проста сядзець і назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі, больш за тое - нарошчваць гандаль, што бачна са статыстыкі. Мне падаецца, што гэтыя пустыя лісты з устурбаванасцю, якія выпускаюць еўрапейскія палітыкі, выклікаюць толькі ўсмешку і смех у Лукашэнкі. З ім трэба размаўляць на мове Маргарэт Тэтчэр, не даючы ніякай слабіны.

Апошнія навіны